§ 14. Першы закон тэрмадынамікі. Прымяненне першага закона тэрмадынамікі да ізапрацэсаў змянення стану ідэальнага газу
У 9-м класе вы даведаліся, што поўная механічная энергія замкнутай сістэмы цел захоўваецца толькі пры адсутнасці трэння, а пры наяўнасці трэння яна памяншаецца. Куды дзяваецца механічная энергія?
Закон захавання энергіі. У сярэдзіне XIX ст. вядомы англійскі фізік Дж. Джоўль (1818–1889), правёўшы шматлікія доследы, паказаў, што выкананая пры перамешванні вады механічная работа практычна роўная павелічэнню яе ўнутранай энергіі. Доследы Джоўля, а таксама даследаванні нямецкага ўрача і прыродазнаўцы Ю. Р. Маера (1814–1878), нямецкага прафесара фізіялогіі і аднаго з самых знакамітых фізікаў другой паловы XIX ст. Г. Гельмгольца (1821–1894) дазволілі сфармуляваць закон захавання і ператварэння энергіі, распаўсюдзіўшы яго на ўсе з’явы прыроды.
Закон захавання і ператварэння энергіі: пры любых узаемадзеяннях матэрыяльных аб’ектаў энергія не знікае і не ўзнікае з нічога, яна толькі перадаецца ад адных аб’ектаў да другіх або ператвараецца з адной формы ў другую.
Закон захавання і ператварэння энергіі з’яўляецца ўсеагульным законам прыроды і звязвае разам усе фізічныя з’явы. Гэты закон выконваецца абсалютна дакладна, на ім грунтуецца ўсё сучаснае прыродазнаўства.
Калі бутэльку, запоўненую да паловы вадой пры пакаёвай тэмпературы, патрэсці на працягу некалькіх хвілін, то выявіцца, што вада нагрэлася на 1–2 °С. Што з’яўляецца прычынай павышэння тэмпературы вады?