§ 12. Глебавае асяроддзе жыцця. Адаптацыі арганізмаў да жыцця ў глебе

Агульная характарыстыка глебы як асяроддзя жыцця

Глеба — верхні пласт зямной кары, які валодае ўрадлівасцю. Яна ўтварылася ў выніку ўзаемадзеяння кліматычных і біялагічных фактараў з падсцілаючай пародай (пясок, гліна). Глеба таксама з’яўляецца крыніцай мінеральнага жыўлення для раслін. У той жа час глеба — гэта асяроддзе жыцця шмат для якіх арганізмаў. Гэта самае маладое асяроддзе жыцця на Зямлі. З моманту ўзнікнення яна адыгрывае важную ролю ў эвалюцыі арганічнага свету. Для яе характэрны наступныя ўласцівасці: высокая шчыльнасць, водны і тэмпературны рэжымы, аэрацыя (забеспячэнне паветрам), кіслотнасць (рН), засоленасць.

Шчыльнасць глебы павялічваецца з глыбінёй і залежыць ад яе структуры, якая вызначаецца адносным утрыманнем у ёй пяску і гліны. Найбольш спрыяльная для росту раслін глеба, якая змяшчае пясок і гліну прыкладна ў роўных колькасцях. Паводле механічнага саставу больш распаўсюджанымі з’яўляюцца гліністыя (цяжкія), сугліністыя і пясчаныя (лёгкія) глебы, якія істотна адрозніваюцца па водным і тэмпературным рэжымах.

Водны і тэмпературны рэжымы глебы цесна ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя. Глебавую вільгаць паводле ступені даступнасці падзяляюць на тры віды: свабодную (гравітацыйную), капілярную і плевачную (гіграскапічную).

!  Гэта цікава

Свабодная вада рухомая, запаўняе шырокія прамежкі паміж часцінкамі, але не ўтрымліваецца ў глебе. Яна здольная прасочвацца ўніз пад дзеяннем сілы цяжару, пакуль не дасягне грунтавых вод. Арганізмы яе лёгка засвойваюць. Капілярная вада ўтрымліваецца ў вузкіх глебавых каналах сіламі паверхневага нацяжэння. Яна можа паднімацца да паверхні па порах ад грунтавых вод, лёгка выпараецца, свабодна паглынаецца раслінамі. Плевачная вада ў глебе ўтрымліваецца за кошт вадародных сувязей з глебавымі часцінкамі і практычна недаступная для раслін. У гліністых глебах яе ўтрыманне дасягае 15  %, у пясчаных — 5  %. Па меры запасання плевачнай вады яна пераходзіць у капілярную.

Тэмпературныя ваганні ў глебе згладжаны ў параўнанні з прыземным паветрам і на глыбіні 1—1,5 м ужо не прасочваюцца. Добра ўвільготненыя глебы павольна праграваюцца і павольна астываюць і наадварот. Гэта абумоўлена высокай цеплаёмістасцю вады. Гідратэрмічны рэжым глебы залежыць ад структуры глебы і ўтрымання гумусу (арганічнага рэчыва). Гліністыя глебы добра ўтрымліваюць вільгаць, таму горш праграваюцца, але даўжэй захоўваюць цяпло, чым пясчаныя. Цёмны колер гумусу спрыяе лепшаму праграванню глебы, а яго высокая вільгацяёмістасць — утрыманню вады глебай.

Глебавае паветра, таксама як і глебавая вільгаць, знаходзіцца ў порах паміж часцінкамі глебы. Усе поры, свабодныя ад вады, запоўнены паветрам. Так адбываецца аэрацыя (забеспячэнне паветрам) глебы. Порыстасць глебы ўзрастае ад глін да суглінкаў і пяскоў. На лёгкіх (пясчаных) глебах аэрацыя лепшая, чым на цяжкіх (гліністых). Паміж глебай і атмасферай адбываецца свабодны газаабмен, у выніку чаго газавы састаў абодвух асяроддзяў мае падобныя параметры. Аднак у паветры глебы з прычыны дыхання арганізмаў, якія жывуць у ёй, змяшчаецца менш кіслароду і больш вуглякіслага газу, чым у атмасферным паветры. Аэрацыя глебы залежыць ад яе вільготнасці і тэмпературы. Павышэнне вільготнасці і тэмпературы глебы пагаршае яе аэрацыю і наадварот. З глыбінёй у глебе павялічваецца ўтрыманне вуглякіслага газу. Названыя фактары з’яўляюцца аднымі з прычын вертыкальнай міграцыі арганізмаў у глебе.

Кіслотнасць глебы (рН) выражаецца праз рН глебавага раствору (вадкай фазы глебы) — адмоўны лагарыфм канцэнтрацыі вадародных іонаў.

!  Гэта цікава

Пры рН,  роўным 7, рэакцыя глебавага раствору з’яўляецца нейтральнай; калі яго значэнне ніжэйшае за 7, то глеба кіслая; калі вышэйшае за 7, то шчолачная. Такім чынам, чым ніжэйшае значэнне рН, тым вышэйшая кіслотнасць глебы.

Расліны больш адчувальныя да рН глебы, чым жывёлы. Для кожнага віду раслін існуе аптымальнае значэнне кіслотнасці глебы, пры якім яны развіваюцца найлепшым чынам, таму pH з’яўляецца адным з найбольш важных паказчыкаў якасці ўрадлівасці. Пры неадпаведнасці кіслотнасці глебы патрэбнасцям раслін у іх парушаецца звычайны працэс жыўлення і некаторыя карысныя рэчывы і злучэнні не засвойваюцца ці засвойваюцца вельмі дрэнна, у выніку чаго запавольваецца рост раслін.

*Засоленасць глебы характарызуецца ўтрыманнем у яе профілі лёгкарастваральных солей у таксічных для раслін колькасцях (> 0,25 %). Прыкладна чацвёртая частка паверхні сушы мае засоленыя глебы. Шмат засоленых зямель у пустынях, паўпустынях, у стэпах, а таксама на марскіх і акіянічных узбярэжжах.

!  Гэта цікава

Засоленыя глебы адрозніваюцца паводле глыбіні залягання салявога гарызонту, хімічнага саставу засалення і ступені засалення. Па першай прымеце глебы падзяляюцца на саланцы — солі размешчаны ў глыбокіх пластах глебы (80—150 см) — і саланчакі — яны ўтрымліваюць вялікую колькасць водарастваральных солей ля самай паверхні (да 30 см) і ў профілі (30—80 см). Паводле хімічнага саставу солей глебы класіфікуюцца зыходзячы з пераважных аніёнаў (напрыклад, хларыдныя, сульфатныя).

Прычыны засалення розныя. У засушлівых месцах, дзе выпадае мала ападкаў, солі застаюцца ў верхніх пластах глебы, бо слаба вымываюцца дажджавой вадой. Глебы марскіх узбярэжжаў у час прыліву насычае салёная марская вада. Салёныя пырскі прыбою, увесь час асядаючы на прыбярэжнай паласе, таксама засаляюць глебу. Прычынай засалення можа быць і няправільны рэжым арашэння ворных зямель у зоне засушлівага клімату.