Янка Купала
|
1. Успомніце, што вы ведаеце пра Янку Купалу. Чаму яго называюць класікам беларускай літаратуры? |
* Біяграфія

![]() |
З любой вандроўкі Янка Купала прывозіў не сувеніры, а звычайныя каменьчыкі. Памятаў, адкуль кожны з іх, любіў перабіраць. З часам у мінскім асяроддзі інтэлігентаў распаўсюдзілася гэта мода. Напрыклад,дома ў Петруся Броўкі таксама захоўвалася падобная калекцыя каменьчыкаў. |
Іван Луцэвіч, якога мы больш ведаем як Янку Купалу, быў тым чалавекам, які ў многім прадвызначыў шляхі развіцця беларускай культуры ў ХХ і ХХІ стагоддзях. Гэта ўнікальная асоба, якая стварыла самабытную прастору ў сусвеце прыгожага пісьменства.
Янка Купала перажыў цяжкія часы: перыяд нацыянальнага адраджэння на стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў, Першую сусветную вайну, тры рэвалюцыі, Грамадзянскую вайну, складаны час станаўлення савецкай улады, пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
Іван Дамінікавіч Луцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Вязынка, што недалёка ад Заслаўя, 7 ліпеня 1882 года. Бацькі пісьменніка арандавалі маёнткі ў розных мясцінах і часта пераязджалі. Атрымаўшы пачатковую адукацыю, Іван Луцэвіч мусіў заняцца гаспадаркай, бо памёр бацька.
Першыя вершаваныя спробы былі па-польску, але знаёмства з Ядвігіным Ш. перавярнула свядомасць будучага паэта: «Гэта была для мяне вялікая падзея, бо я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску». Пасля выхаду першага зборніка «Жалейка» (1908) Купалу запрасілі на працу ў «Нашу ніву».
У 1908 годзе ў Пецярбургу ў выдавецкай суполцы «Загляне сонца i ў наша аконца» выйшла першая кніга Янкі Купалы «Жалейка». Сучасная даследчыца Ірына Багдановіч адзначыла: «Вобраз селяніна ў вершах “Жалейкі” далёкі ад таго забітага і пакорлівага тыпу, якім прызвычаіліся апісваць яго некаторыя гісторыкі “паўночна-заходняга краю царскай Расіі”. Селянін шукае віноўных у сваім бяспраўі, у ім выспявае жаданне барацьбы». І калі для беларусаў Купала быў паэтам першай велічыні, то для імперскіх чыноўнікаў яго творчасць выглядала небяспечна.
|
|
|
|
У хуткім часе паэт з’ехаў у Пецярбург, дзе навучаўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева (1909—1913). Жыў у кватэры прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Калі ў кватэру прафесара прыходзілі госці, то, паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, «заўсёды з нецярплівасцю чакалі прыходу Янкі Купалы. <...> Не вельмі гаваркі ў часе шумных спрэчак, заўсёды сур’ёзны, Янка Купала ўважліва прыслухоўваўся да выказаных думак, час ад часу падаючы кароткія і трапныя заўвагі». У раздзеле «Світанак» кнігі «Кругі» Ян Скрыган успамінаў: «За час работы ў газеце я заўважыў адну характэрную рысу ў Янкі Купалы. Ён ніколі ці бадай што ніколі не прыносіў сваіх вершаў і не браў за іх ганарару. Усё гэта рабіла за яго цётка Уладзя. Ён жа звычайна заходзіў пасядзець, пагаварыць, папытацца, як пажываем. І тут жа каля яго збіраўся цэлы гурт. <…> Я ніколі не бачыў, каб Купала хадзіў адзін — вечна за ім цэлы хвост маладых. <…> А ён наперадзе. Твар шчаслівы, харошы, сяды-тады прабяжыць па ім усмешка».
У вольныя вечары наведваў тэатры, рыхтуючыся да ўласнага драматургічнага дэбюту: у Пецярбургу былі напісаны драматычная паэма «Сон на кургане» (1910), п’есы «Паўлінка» (1912) і «Раскіданае гняздо» (1913).
У 1913—1915 гадах Янка Купала быў рэдактарам газеты «Наша ніва». Потым з’ехаў у Маскву, дзе ў пачатку 1916 года ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч.
|
|
Перыяд паміж Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 года і пачаткам Другой сусветнай вайны стаў адным з самых нялёгкіх у жыцці паэта. Гэта быў час, калі востра паўстала пытанне прыняцця або непрыняцця новых парадкаў. Усе гістарычныя падзеі Янка Купала ўспрымаў як адданы Беларусі чалавек. У гэты час на Радзіме адна за адной змяняліся ўлады, а Купала заставаўся верным ідэі незалежнасці Беларусі, каб беларусы маглі «людзьмі звацца».
У творчасці Янкі Купалы перыяды аптымізму змяняліся днямі дэпрэсій і сумненняў, вынікам якіх з’явіліся алегарычныя творы «Сон», «Млечны Шлях», «Спадчына», «Паязджане» і інш. У аўтабіяграфіі 1919 года, дасланай Яўхіму Карскаму, Купала пісаў: «У душы маёй быў вечна нейкі пякельны разлад».
|
|
У 1920—1930-я гады Янка Купала актыўна займаўся грамадскай працай: быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута беларускай культуры, удзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). За ўклад у літаратуру Янка Купала ў 1925 годзе атрымаў званне «Народны паэт БССР» і стаў першым, хто так быў ушанаваны.
|
Пасля Янкі Купалы гэта званне атрымалі Якуб Колас (1926), Пятрусь Броўка (1962), Аркадзь Куляшоў (1968), Максім Танк (1968), Пімен Панчанка (1973), Ніл Гілевіч (1991), Рыгор Барадулін (1992). |
У 1930-я гады нязгода са спыненнем беларусізацыі вылілася ў тое, што паэт на нейкі час перастаў пісаць. Націск на беларускую інтэлігенцыю закрануў Купалу толькі ўскосна, але гэта надзвычай моцна яго параніла псіхалагічна. Да таго ж суправаджалася шальмаваннем яго творчасці ў друку. Лукаш Бэндэ1 так пісаў пра паэта ў 1932 годзе: «Такім чынам, і Янка Купала, і Якуб Колас у першыя гады пасля сканчэння грамадзянскай вайны яшчэ не ўспрымаюць перамогу рабочых і сялян над сваімі ворагамі, не мірацца з фактам існавання пралетарскай дыктатуры, дзе рабочыя і сяляне Беларусі з’яўляюцца “самі сабе гаспадарамі”, а застаюцца яшчэ на буржуазна-нацыяналістычных пазіцыях».
Восенню 1941 года Янка Купала разам з жонкай пераехаў у Татарстан, куды быў эвакуіраваны Саюз пісьменнікаў БССР. Адтуль ён адзін накіраваўся ў сваё апошняе падарожжа ў Маскву. Адправіў жонцы тэлеграму, што даехаў добра і ўдакладніў адрас: гасцініца «Масква», нумар 414. 28 чэрвеня 1942 года Янка Купала ўпаў у лесвічны пралёт у гасцініцы і разбіўся. А 30 чэрвеня не стала яго маці Бянігны Іванаўны. Пісьменнік не дажыў да свайго 60-гадовага юбілею некалькі дзён.
У гэты час Мінск быў акупаваны, таму паэта пахавалі на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. У 1962 годзе прах Янкі Купалы быў перавезены ў Беларусь і змешчаны побач з магілай яго маці на Вайсковых могілках у Мінску.
|
Уклад у развіццё літаратуры 1. Янка Купала асэнсаваў і з вялікай мастацкай сілай увасобіў у слове трагедыю народа, якому адмаўлялі ў праве называцца нацыяй і мець дзяржаўнасць. А пясняр абвясціў гэта права, пішучы пра беларускі народ як пра цэласнасць. 2. Янка Купала абуджаў чалавечую годнасць сялян, ён заклікаў «людзьмі звацца» беларусаў, якія былі ўпэўнены, што нічога ў жыцці змяніць нельга. Паэт і вершамі, і ўласным прыкладам паказаў чытачам, што жыццё можна змяніць, калі прыкласці намаганні. Яго раннія нашаніўскія вершы займелі надзвычайны розгалас з прычыны агульнай рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расійскай імперыі, у склад якой тады ўваходзіла тэрыторыя Беларусі. 3. Тэму сялянскага жыцця, якую Францішак Багушэвіч раскрываў на рэальна-побытавым узроўні, Янка Купала ўзняў да філасофскага абагульнення. З сялянскага паэта ён вырас у паэта нацыянальнага. 4. Янка Купала — апявальнік выключнага, таму сярод яго герояў шмат людзей надзвычайнага лёсу: да вядомых у літаратуры вобразаў беззямельнага, сіраты, жабрака ён дадаў рамантычныя вобразы бунтара, які паўстае супраць сацыяльных абставін, і апантанага чалавека, якога не разумее народ (паэма «Сон на кургане»). 5. Паэзія класіка надзвычай багатая ў эстэтычным плане: хоць па светаадчуванні Янка Купала — паэт-рамантык, у яго творах ёсць праявы не толькі рамантызму (верш «Цару неба й зямлі», паэма «Курган»), але і неарамантызму (паэма «Магіла льва»), і сімвалізму (верш «Паязджане», паэма «Адвечная песня»). 6. Як драматург Купала даў узоры драмы («Раскіданае гняздо»), камедыі («Паўлінка»), трагікамедыі («Тутэйшыя»). Распрацаваў новы для беларускай літаратуры жанр — драматычную паэму. |
Адным словам, Купала быў не толькі паэтам-дэмакратам, песняром мужыцкай нядолі, але і паэтам-філосафам, які мысліў у планетарным маштабе і звяртаўся да праблем глабальнай значнасці: «прарок і натоўп», «паэт і народ», «нацыя і сусвет», а таксама да пытанняў пра чалавечае існаванне, прызначэнне жыцця, чалавечую долю і лёс (Паводле Пятра Васючэнкі).
__________________________________
1 Лукаш Бэндэ — прадстаўнік спрошчанай сацыялагізатарскай крытыкі, якая разглядае не мастацкія вартасці літаратурных тэкстаў, а паходжанне або нацыянальнасць аўтара і наяўнасць або адсутнасць у творы пралетарскай агітацыі. Артыкулы Лукаша Бэндэ ў друку часта станавіліся падставай для выключэння пісьменнікаў з літаратурных арганізацый, высылкі, зняволення, арышту.
