§ 28. Індукцыя магнітнага поля. Лініі індукцыі магнітнага поля
Вызначэнне напрамку індукцыі магнітнага поля. Для вызначэння напрамку індукцыі магнітнага поля можна выкарыстаць любое з правілаў, сфармуляваных вышэй. Прычым, карыстаючыся правілам свярдзёлка, трэба памятаць, што напрамак току — гэта напрамак упарадкаванага руху дадатных зарадаў. Калі на малюнку прамалінейны праваднік з токам паказаны перпендыкулярна плоскасці старонкі (мал. 155) і пры гэтым ток накіраваны ад чытача, то яго ўмоўна пазначаюць крыжыкам (мал.156, а); у выпадку, калі ток накіраваны да чытача, — кропкай (мал. 156, б). Такімі ж значкамі (кропкай або крыжыкам) пазначаюць напрамкі вектараў (індукцыі магнітнага поля, сілы і інш.), размешчаных перпендыкулярна плоскасці малюнка.
Полюсы саленоіда, а значыць, і напрамак індукцыі магнітнага поля можна вызначыць паводле правіла гадзіннікавай стрэлкі (гл. мал. 153) або правіла свярдзёлка: калі напрамак вярчэння ручкі свярдзёлка супадае з напрамкам току ў вітку, то паступальны рух вастрыя свярдзёлка пакажа напрамак індукцыі магнітнага поля ўнутры саленоіда, а значыць, і становішча яго паўночнага полюса.
1. Якія правілы выкарыстоўваюць для вызначэння напрамку індукцыі магнітнага поля?
2. Як графічна адлюстроўваюць магнітнае поле? Што называюць лініямі індукцыі магнітнага поля?
3. Якая карціна ліній індукцыі магнітнага поля прамалінейнага правадніка з токам? кругавога вітка з токам? шпулі з токам? Як вызначаюць напрамак ліній індукцыі магнітнага поля?
4. Якія палі называюць віхравымі?
5. У чым адрозненне магнітнага поля ад электрастатычнага?
6. Якое магнітнае поле называюць аднародным?