§ 12. Работа ў тэрмадынаміцы
Геаметрычнае тлумачэнне работы. Работу газу можна вызначыць з дапамогай графіка. Пабудуем графік залежнасці ціску газу ад яго аб’ёму пры р = const (мал. 68). Калі працэс пераходу газу з пачатковага стану ў канчатковы з’яўляецца ізабарным (АВ — ізабара), то работа сілы ціску газу лікава роўная плошчы прамавугольніка V1АВV2.
Калі працэс пераходу газу з пачатковага стану ў канчатковы не з’яўляецца ізабарным (мал. 69), то работа сілы ціску газу пры змене аб’ёму ад V1 да V2 лікава роўная плошчы фігуры, абмежаванай графікам працэсу (крывая 1 → 2), воссю ОV і прамымі, якія адпавядаюць значэнням аб’ёмаў V1 і V2.
Працэс, пры якім тэрмадынамічная сістэма, прайшоўшы некаторую паслядоўнасць станаў, вяртаецца ў зыходны стан, называюць цыклічным працэсам або цыклам (мал. 69.1). Работа, выкананая сістэмай пры цыклічным працэсе, або работа цыкла, лікава роўная плошчы фігуры, абмежаванай лініямі, якія адлюстроўваюць цыкл у каардынатах р, V:
A = A12 + A23 + A31 = S12 + S23 + S31 = S12 + S31 = S1231,
дзе S23 = 0, S1231 > 0 на малюнку 69.1, а і S1231 < 0 на малюнку 69.1, б.
Калі «крывая расшырэння» (ізабара 1 → 2) (мал. 69.1, а) размешчана вышэй «крывой сціскання» (ізатэрма 3 → 1), то поўная работа, выкананая сістэмай за цыкл (работа цыкла), дадатная. Калі ж, як паказана на малюнку 69.1, б, «крывая сціскання» (ізабара 3 → 1) размешчана вышэй «крывой расшырэння» (ізатэрма 1 → 2), то работа цыкла адмоўная.
Работу газу вызначаюць не толькі пачатковы і канчатковы станы сістэмы, але і від працэсу. Напрыклад, газ са стану 1 можна перавесці ў стан 3 або ў выніку ізатэрмічнага расшырэння (мал. 70), або спачатку ізахорна панізіўшы яго ціск да значэння р2, а затым ізабарна павялічыўшы яго аб’ём да значэння V3. У першым выпадку работа газу большая, чым у другім.
Такім чынам, работа, выкананая тэрмадынамічнай сістэмай пры пераходзе з аднаго стану ў другі, залежыць не толькі ад пачатковага і канчатковага станаў сістэмы, але і ад віду працэсу.
На якім з графікаў, прыведзеных на малюнках 71, а–г, сіла ціску газу выконвае ў працэсе пераходу са стану 1 у стан 2:
а) найбольшую работу; б) найменшую работу?
1. Як можна вылічыць работу, якую выконвае сіла ціску газу пры яго расшырэнні (сцісканні)?
2. Як суадносяцца паміж сабой работа сілы ціску газу і работа знешніх сіл над газам?
3. У чым заключаецца геаметрычны сэнс паняцця «работа» ў тэрмадынаміцы?
4. Чаму расшырэнне газу пры адсутнасці цеплаабмену з навакольным асяроддзем суправаджаецца яго ахаладжэннем?
5. Iдэальны газ пераводзяць са стану А ў стан В двума спосабамі: першы раз — А1В, а другі — А2В (мал. 72). У якім выпадку работа, якую выконвае сіла ціску газу, большая? У якім выпадку змена ўнутранай энергіі большая?