§ 9. Выпарэнне і кандэнсацыя. Насычаная пара

Ненасычаная пара. Калі пасудзіну з вадой і яе насычанай парай адкрыць, то пара пачне выходзіць, і канцэнтрацыя яе малекул у пасудзіне паменшыцца. Гэта прывядзе да таго, што працэс выпарэння будзе пераважаць над працэсам кандэнсацыі (мал. 60), і ўзровень вадкасці ў пасудзіне панізіцца. Пры гэтым парушыцца дынамічная раўнавага (N1 > N3) паміж вадой і яе парай. Ціск (шчыльнасць) пары паменшыцца, і пара стане ненасычанай.
Ненасычаная пара — пара, ціск (шчыльнасць) якой меншы, чым ціск (шчыльнасць) насычанай пары пры той самай тэмпературы.
Працэс выпарэння вады з паверхні мораў і акіянаў, як правіла, пераважае над працэсам кандэнсацыі. Гэта азначае, што над морамі і акіянамі звычайна знаходзіцца ненасычаная вадзяная пара, якая ўзнімаецца ўверх, ахалоджваецца і кандэнсуецца, утвараючы воблакі і хмары.
Цікава ведаць
Паветраная абалонка Зямлі — атмасфера — з’яўляецца сумессю газаў. Атмасфернае паветра заўсёды змяшчае вадзяную пару, канцэнтрацыя малекул якой каля паверхні Зямлі вагаецца ад 3 % у тропіках да 2 · 10–5 % у Антарктыдзе. З акіянаў, мораў і рэк, а таксама сушы за год выпараецца звыш 5 · 1014 м3 вады — прыблізна столькі, як аб’ём вады ў Чорным моры. На выпарэнне затрачваецца каля паловы ўсёй энергіі сонечнага выпраменьвання, паглынутай паверхняй Зямлі. Пры кандэнсацыі пары ў атмасферу выдзяляецца такая колькасць цеплаты, якая раней спатрэбілася на выпарэнне вадкасці. Гэта прыводзіць да награвання атмасферы і прадухіляе рэзкія ваганні тэмпературы. Пры перамяшчэнні вадзяной пары ў атмасферы на вялікія адлегласці адбываецца яе кандэнсацыя на ўчастках з больш нізкай тэмпературай, гэта значыць, што на адных участках паверхні і атмасферы Зямлі пераважаюць працэсы выпарэння вады, а на другіх — працэсы кандэнсацыі вадзяной пары.

1. Якія агульныя рысы працэсаў выпарэння і кандэнсацыі? Чым яны адрозніваюцца?
2. Чаму пры выпарэнні вадкасць звычайна ахалоджваецца?
3. Якую пару называюць насычанай?
4. Якія фізічныя працэсы абумоўліваюць стан дынамічнай раўнавагі паміж вадкасцю і яе парай?
5. Якія ўласцівасці насычанай пары адрозніваюць яе ад ідэальнага газу?