§ 7. Будова і ўласцівасці цвёрдых цел

Аморфныя целы. Да аморфных (ад грэч. аmorphous — бясформенны) цел адносяць апал, абсідыян, эбаніт, сургуч (мал. 50), шкло, розныя пластмасы, смолы (вар, каніфоль, бурштын) і інш.

Мал.
Мал. 50
Мал.
Мал. 51

Аморфны стан — цвёрды некрышталічны стан рэчыва, які характарызуецца ізатрапіяй уласцівасцей і адсутнасцю пэўнай тэмпературы плаўлення.

Залежнасць тэмпературы аморфнага цела ад атрыманай ім колькасці цеплаты паказана на малюнку 49, графік 2. Пры павышэнні тэмпературы аморфнае рэчыва размякчаецца і паступова пераходзіць у вадкі стан. У аморфным стане адсутнічае строгі парадак у размяшчэнні атамаў і малекул. Аморфны стан — бясформенны стан са слаба выяўленай цякучасцю.

Аморфныя целы называюць пераахалоджанымі вадкасцямі, бо ў іх, як і ў вадкасцях, існуе толькі блізкі парадак размяшчэння часціц.

На малюнках 51 схематычна паказана будова крышталічнага кварцу (мал. 51, а) і аморфнага кварцу (мал. 51, б).

Мал.
Мал. 52

Аморфныя целы пры пэўных умовах могуць крышталізавацца. Цукар-пясок з’яўляецца крышталічным целам (мал. 52, а). Калі яго расплавіць, то, застываючы, ён ператвараецца ў празрысты шклопадобны ледзянец (мал. 52, б), які з’яўляецца аморфным целам. Праз некаторы прамежак часу ледзянец «зацукроўваецца», гэта значыць зноў робіцца крышталічным.

Пры хуткасцях ахаладжэння, якія перавышаюць мільён градусаў у секунду, удалося атрымаць аморфныя металічныя сплавы — шклопадобныя металы. Аморфны метал надзвычай цвёрды і трывалы. Яго выкарыстоўваюць у якасці рэжучага інструмента. Ён валодае высокімі магнітнымі ўласцівасцямі, таму з’яўляецца незаменным пры вырабе магнітных галовак для гука- і відэазапісу. Акрамя таго, аморфныя металы валодаюць высокай антыкаразійнай устойлівасцю.

Ад тэорыі да практыкі

1. Ёсць дзве тонкія пласцінкі, пакрытыя воскам. Да пласцінак па чарзе дакрануліся гарачай спіцай. На адной пласцінцы пры плаўленні воску ўтварылася круглая пляма, а на другой — авальная. Якое з гэтых цел крышталічнае, а якое аморфнае?

2. У дзвюх пасудзінах неабходна расплавіць два цвёрдыя целы. Як, назіраючы за працэсам плаўлення, можна вызначыць, якое з гэтых цел крышталічнае, а якое аморфнае?

Цікава ведаць

Шкло валодае цякучасцю нават пры нармальных умовах, хоць і цячэ вельмі павольна. У старых будынках, дзе вокны даўно не мянялі, можна заўважыць паступовае патаўшчэнне шыбін да нізу.

img

img

1. Якія целы называюць цвёрдымі?

2. Якія асаблівасці будовы крышталічных цвёрдых цел?

3. Якія тыпы крышталёў вы ведаеце? Чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго?

4. У чым адрозненне паміж мона- і полікрышталямі?

5. У чым адрозненне паміж паняццямі «анізатрапія» і «ізатрапія»?

6. Чым адрозніваюцца асноўныя фізічныя ўласцівасці крышталічных і аморфных цел?