Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)

* Перакладная свецкая літаратура

Замежная гістарычная проза прадстаўлена такімі тэкстамі, як старажытная візантыйская «Хроніка Іаана Малалы» сірыйскага летапісца і больш папулярная на славянскіх землях «Хроніка Георгія Амартола», у якой была зроблена ўдалая спроба сістэматызацыі этапаў сусветнай гісторыі ад стварэння свету да часоў Аляксандра Македонскага.

Папулярнымі творамі перакладной белетрыстыкі сталі аповесці «Троя» — пра Траянскую вайну і «Александрыя» — пра жыццё, подзвігі і смерць Аляксандра Македонскага.

Варажбітныя кнігі — зборнікі, у якіх разам са звесткамі па магіі і міфалогіі змяшчалася інфармацыя па астраноміі, анатоміі, геаграфіі, медыцыне, псіхалогіі («Астралогія», «Громнік», «Соннік», «Траўнік», «Пра дні добрыя і злыя» і інш.). Кніганошы дастаўлялі іх з Усходу і Захаду.

Аўтарытэтнай крыніцай лічыўся «Фізіялог», які змяшчаў нямала матэрыялаў пра прыроду — экзатычных і фантастычных звяроў (слана, пелікана, кентаўра, сірэны і інш.), камяні, расліны, атмасферныя з’явы. Славянскія пераклады захаваліся толькі ў спісах. На захадзе Еўропы ўрыўкі з «Фізіялога» сталі асновай для сярэдневяковых энцыклапедый.

Паступова перакладныя творы насычаліся мясцовымі побытавымі рэаліямі, ваенна-феадальнай тэрміналогіяй. Да сярэдзіны ХІ стагоддзя на ўсходнеславянскіх землях склаліся ўстойлівыя традыцыі пісьма, сфарміравалася арыгінальная перакладчыцка-літаратурная школа, якая выпрацавала свае прыёмы перакладу і асаблівасці стылю.