Практыкум "ЭТНІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ"

ІІ. Работа з навуковым артыкулам

Балты на тэрыторыі Беларусі[3]

Балты — група індаеўрапейскіх плямён і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту, калі носьбіты курганнай культуры пранікалі ў Сярэднюю і Паўночную Еўропу і асімілявалі мясцовае насельніцтва, якое складалася з паляўнічых і рыбаловаў.

У выніку міжэтнічнага ўзаемадзеяння ўзнікла так званая культура штрыхаванай керамікі. Арэал пашырэння балтаў ахопліваў басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўі Волгі і Акі. У раннім жалезным веку балты на поўдні і паўднёвым усходзе межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на поўначы і паўночным усходзе іх суседзямі былі фіна-ўгорскія плямёны, на захадзе — славяне і германцы… На тэрыторыі Беларусі балтам належалі днепра-дзвінская культура, культура штрыхаванай керамікі і, магчыма, мілаградская культура (на паўднёвым усходзе Беларусі). Старажытнасці больш позняга часу ( V—VII стст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове былі таксама балцкімі, але ўжо са славянсікім уплывам… Балта-славянская супольнасць існавала працяглы час, таму балты і беларусы маюць шмат агульных рыс.

Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх, усходніх і дняпроўскіх. Да заходніх адносіліся пруса-яцвяжскія плямёны (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), да ўсходніх — лета-літоўскія (літва, аўкштайты, жэмайты, латгалы, земгалы і інш.)… Вычляненне дняпроўскіх балтаў можна правесці толькі археалагічна…

Паводле дадзеных тапанімікі і археалогіі на тэрыторыі Беларусі пражывалі продкі балцкіх плямён літвы, лотвы, латыгалі, яцвягаў і інш. …

У другой палове І тыс. н. э. славяне, якія рухаліся з поўдня на поўнач па Дняпры, «адрэзалі» дняпроўскіх і часткова ўсходніх балтаў і амаль поўнасцю асімілявалі іх. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, балты прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэрыторыі Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да ХІІ—ХІІІ стст. і пазней. Частка іх была выцеснена на паўночны захад, частка — знішчана, але значная колькасць засталася жыць на сваіх месцах як астраўкі сярод славянскага асяроддзя. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патомкамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі заходніх груп усходнеславянскага насельніцтва ІХ—ХІІІ стст., з якіх склалася беларуская народнасць.

Вядучую ролю ў эканоміцы балтаў доўгі час адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. З удасканальваннем прылад вытворчасці, што было выклікана выкарыстаннем жалеза, вядучай галінай гаспадаркі паступова рабілася земляробства.

Археалагічныя знаходкі адлюстроўваюць развіццё сельскай гаспадаркі ў ІІ і ІІІ тыс. н. э., калі ў пахаваннях з’яўляюцца шматлікія жалезныя сякеры, матыкі, сярпы, косы, фрагменты накладак на драўляныя плугі, нажы, долаты, шылы, крэсівы. Акрамя пшаніцы, проса і ячменю з ІІ ст. н. э. вырошчваліся жыта і авёс… Звычайна сховішчы (зерня) размяшчаліся на тэрыторыі жылля…

Ва ўсходнебалтыйскіх умацаваннях на ўзгорках захаваліся такія ж суадносіны костак жывёл, як падчас ранняга жалезнага веку: костак свойскіх жывёл было ўдвая або ўтрая больш, чым костак дзікіх жывёл. Пераважала буйная жывёла, коні, авечкі, свінні.

На тэрыторыі, занятай балтыйскімі плямёнамі, перасякаліся гандлёвыя шляхі, якія ішлі на поўнач і ўсход да фіна-ўгорскіх плямён (паўночнае ўзбярэжжа Балтыкі), у Фінляндыю, на поўнач і ўсход. Такім чынам, балты станавіліся самымі значнымі пасрэднікамі ў распаўсюджванні культуры жалезанага веку ў паўночныя і ўсходнія раёны… Велізарную ролю ў гандлі балтаў з другімі землямі іграў бурштын. У той час балты не перавозілі бурштын на поўдзень, а прадавалі яго германскім плямёнам…, якія засялялі вусце Віслы. Гандаль з імі вёўся для атрымання металу, які займаў у гандлі другое месца…

У шматлікіх паселішчах балтаў выяўлены гліняныя печы для выплаўлення жалеза, знойдзены запасы прылад працы кавалёў, у тым ліку кавадлы, малаткі, долаты і напільнікі. Жалезныя сякеры са злучэннямі або прасвідраванымі дзіркамі, малаткі, долаты адрозніваюцца сваімі формамі, характэрнымі для той ці іншай мясцовасці. Любая зброя або прылада арыентаваліся на агульныя прататыпы (кельцкія і германскія), вядомыя ў Цэнтральная Еўропе яшчэ да нашай эры, якія прынялі чыста балтыйскія рысы прыкладна ў 200 г. н. э. … 

1. У якую эпоху адбылося фарміраванне балтаў?
            2. Назавіце асноўныя балцкія плямёны.
            3. Складзіце агульную характарыстыку балцкіх плямён.
            4. Аб якіх узаемадзеяннях слаян і балтаў ідзе гаворка ў артыкуле?
            5. Вызначце, ці супадае думка аўтараў вучэбнага дапаможніка з прыведзенай у артыкуле.
            6. Да якіх істотных змен прывяла асіміляцыя балтаў славянамі?
            7. Чаму, на думку аўтараў артыкула, балты і беларусы маюць шмат агульных рыс?
            8. Ахарактарызуйце гаспадарку балтаў.
            9. Як фарміраваліся ў балтаў гандлёвыя шляхі?
            10. Аб чым сведчаць знаходкі ў балцкіх пасяленнях гліняных печаў для выплаўлення жалеза? Які кірунак рамяства развіваўся ў балтаў?
            11. Якую інфармацыю аб жыцці балтыйскіх плямён можна пры дапамозе археалагічных даследаванняў?
            12. Вызначце асноўныя сэнсавыя часткі артыкула. Падрыхтуйце тэзісны план адказу па тэме «Балты на тэрыторыі Беларусі».

 [3] Тугай У., Грыгор’еў У. Балты на тэрытоырі Беларусі / Гісторыя: пралемы выкладання. 2009. № 7. С. 47—51.