Печатать книгуПечатать книгу

Практыкум "ЭТНІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ"

   

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: Практыкум "ЭТНІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ"
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Сентябрь 2024, 06:26

І. Работа з дакументам

Прааналізуйце тэксты дакументаў. Адкажыце на пытанні.

1. Калі, дзе, чаму з’явіўся дадзены дакумент?

2. Хто з’яўляецца аўтарам дакумента? Што вы ведаеце пра гэтага чалавека, пра яго жыццё і дзейнасць?

3. Растлумачце асноўныя/новыя паняцці, якія выкарыстоўваюцца ў дакуменце.

4. Пра якія гістарычныя факты ідзе гаворка ў дакуменце?

5. Пакажыце на карце месца, дзе адбываліся апісаныя ў дакуменце падзеі.

6. Вызначце час, у які адбываліся апісваемыя падзеі, калі ён не пазначаны ў дакуменце альбо дадзены ў іншай (нехрысціянскай) сістэме летазлічэння.

7. Як аўтар тлумачыць прычыны, апісвае ход і вызначае значэнне гістарычных падзей?

8. На падставе дакумента вызначыце стаўленне аўтара да апісваемых падзей. Як пазіцыя аўтара звязана з характарам дакумента і абставінамі яго стварэння?

9. У чым пазіцыя аўтара (не) супадае з сучасным пунктам гледжання на тое, што адбывалася? Чым гэтае (не) супадзенне можна растлумачыць?

10. Ацаніце значнасць гэтага дакумента ў супастаўленні з аналагічнымі гістарычнымі творамі разглядаемага перыяду альбо прысвечанымі тым жа гістарычным падзеям.

1. 3 «Гоцкай вайны» Пракопія Кесарыйскага [1]

Гэтыя плямёны славян і антаў не кіруюцца адным чалавекам, але здаўна жывуць у народапраўстве [дэмакратыі], і таму ў іх шчасце і няшчасце ў жыцці лічыцца справай агульнай. Гэтаксама і ва ўсім астатнім, можна сказаць, у абодвух гэтых вышэй названых варварскіх плямён усё жыццё і ўзаконенні аднолькавыя.

Яны лічаць, што толькі адзін бог, тварэц маланак, з'яўляецца ўладыкай над усімі, і яму прыносяць у ахвяру быкоў і спраўляюць іншыя свяшчэнныя абрады. Лёсу (долі) яны не ведаюць і наогул не прызнаюць, што ён у адносінах да людзей мае якую-небудзь сілу.

Калі ім вось-вось пагражае смерць, або калі іх ахоплівае хвароба, ці на вайне яны пападуць у небяспечнае становішча, дык даюць абяцанні, што калі выратуюцца, то адразу прынясуць богу ахвяру за сваю душу, і, пазбегнуўшы смерці, яны прыносяць у ахвяру тое, што абяцалі, і думаюць, ужо выратаванне імі куплена цаной гэтай ахвяры. Яны ўшаноўваюць і рэкі, і німфаў, і ўсялякіх дэманаў, прыносяць ахвяры ўсім ім і пры дапамозе гэтых ахвяр варожаць.

Жывуць яны ва ўбогіх хацінах, на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, і ўсе яны часта змяняюць месцажыхарства.

Уступаючы ў бітву, большасць ідуць на ворага са шчытамі і дроцікамі ў руках, панцыраў жа яны ніколі не надзяваюць; іншыя не носяць ні кашуляў (хітонаў), ні плашчоў, а адны толькі штаны, і ў такім выглядзе ідуць на бітву з ворагамі...

Пераклад з рускай мовы Г. Штыхава

1. Прааналізуйце матэрыял пры дапамозе памяткі «Як працаваць з гістарычным дакументам».

           2. Складзіце 1—2 пытанні да тэксту. Задайце іх сваім аднакласнікам.

[1] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XVст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 6.

2. Са «Страцегікона» Маўрыкія[2]

…Плямёны славян і антаў падобныя па свайму вобразу жыцця, па сваіх норавах, па сваёй любові да свабоды; іх ніякім чынам нельга схіліць да рабства ці падначалення ў сваёй краіне. Яны шматлікія, цягавітыя, лёгка пераносяць жар, холад, дождж, галізну, недахоп у ежы. Да прыбываючых замежнікаў яны ставяцца ласкава і, пры пераходзе іх з аднаго месца ў іншае, ахоўваюць у выпадку патрэбы... Тых, якія знаходзяцца ў іх у палоне, яны не трымаюць у рабстве, як іншыя плямёны, на працягу неабмежаванага часу, але, абмяжоўваючы [тэрмін рабства] вызначаным часам, прапануюць ім на выбар: ці жадаюць яны за вядомы выкуп вярнуцца дадому або застацца там [дзе яны знаходзяцца ] на становішчы вольных іх сяброў…

У іх вялікая колькасць разнастайнай жывёлы і пладоў зямных, якія ляжаць у кучах, у асаблівасці проса і пшаніцы.

Сціпласць іх жанчын перавышае ўсякую чалавечую прыроду, так што большасць іх лічаць смерць свайго мужа сваёй смерцю і добраахвотна задушваюць сябе, не лічачы знаходжанне ва ўдаўстве за жыццё.

Яны селяцца ў лясах, каля непраходных рэк, балот і азёр, ладзяць у сваім жыллі шмат выхадаў з-за прычыны небяспекі. Неабходныя для іх рэчы яны закопваюць у схованках, нічым лішнім адкрыта не валодаюць і вядуць жыццё вандроўнае.

Змагацца са сваімі ворагамі яны любяць у месцах, парослых густым лесам, у цяснінах, на абрывах; з выгадай для сябе карыстаюцца [засадамі], раптоўнымі нападамі, хітрасцямі, і днём і ноччу вынаходзячы шмат [разнастайных] спосабаў. Дасведчаныя яны таксама і ў пераправе праз рэкі, пераўзыходзячы ў гэтым дачыненні ўсіх людзей. Мужна вытрымліваюць яны знаходжанне ў вадзе, так што часта некаторыя з тых, хто застаўся дома і быў заспеты раптоўным нападам, апускаюцца ў бездань вод. Пры гэтым яны трымаюць у роце спецыяльна вырабленыя пустыя ўнутры чароціны, якія даходзяць да паверхні вады, а самі, лежачы на дне [ракі], дыхаюць з дапамогай іх; і гэта яны могуць рабіць на працягу многіх гадзін, так што зусім нельга здагадацца пра іх [прысутнасць]. Кожны ўзброены двума невялікімі коп'ямі, некаторыя маюць таксама шчыты, трывалыя, але такія, што цяжка пераносіць [з месца на месца]. Яны карыстаюцца таксама драўлянымі лукамі і невялікімі стрэламі, якія намочваюць асаблівай для стрэл атрутай, што дзейнічае вельмі моцна, калі толькі паранены своечасова не прыме проціяддзя або [не скарыстаецца] іншымі дапаможнымі сродкамі, вядомымі дасведчаным лекарам, ці адразу ж не абрэжа кругам месца ранення, каб яд не распаўсюдзіўся на іншыя ўчасткі цела.

Не маючы над сабою кіраўніка і варагуючы адзін з адным, яны не прызнаюць ваеннага строю, не здольныя змагацца ў правільнай бітве, паказвацца на адкрытых і роўных месцах. Калі і здарыцца, што яны адважыліся ісці на бой, то яны ў час яго з крыкам злёгку прасоўваюцца наперад ўсе разам, і калі праціўнікі не вытрымаюць іх крыку і здрыгануцца, то яны моцна наступаюць; у адваротным выпадку кідаюцца на ўцёкі, не спяшаючыся памерацца сіламі з непрыяцелямі ў рукапашнай сутычцы. Маючы вялікую дапамогу ў лясах, яны накіроўваюцца да іх, бо сярод цяснін яны ўмеюць добра змагацца…

1. Прааналізуйце матэрыял пры дапамозе памяткі «Як працаваць з гістарычным дакументам».

          2. Складзіце тэзісы па ўрыўку.
          3. Як аўтар дакумента характарызуе лад жыцця славян?
          4. Якія рысы характару славянскіх ваяроў можна вылучыць з прыведзенага апісання?
          5. Вызначце ваенную стратэгію славян. Ці была яна найлепшым спосабам вядзення ваенных дзеянняў?
          6. Выявіце, якія назвы вашай мясцовасці балцкія, а якія — славянскія.

[2] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XVст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 7.

ІІ. Работа з навуковым артыкулам

Балты на тэрыторыі Беларусі[3]

Балты — група індаеўрапейскіх плямён і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту, калі носьбіты курганнай культуры пранікалі ў Сярэднюю і Паўночную Еўропу і асімілявалі мясцовае насельніцтва, якое складалася з паляўнічых і рыбаловаў.

У выніку міжэтнічнага ўзаемадзеяння ўзнікла так званая культура штрыхаванай керамікі. Арэал пашырэння балтаў ахопліваў басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўі Волгі і Акі. У раннім жалезным веку балты на поўдні і паўднёвым усходзе межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на поўначы і паўночным усходзе іх суседзямі былі фіна-ўгорскія плямёны, на захадзе — славяне і германцы… На тэрыторыі Беларусі балтам належалі днепра-дзвінская культура, культура штрыхаванай керамікі і, магчыма, мілаградская культура (на паўднёвым усходзе Беларусі). Старажытнасці больш позняга часу ( V—VII стст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове былі таксама балцкімі, але ўжо са славянсікім уплывам… Балта-славянская супольнасць існавала працяглы час, таму балты і беларусы маюць шмат агульных рыс.

Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх, усходніх і дняпроўскіх. Да заходніх адносіліся пруса-яцвяжскія плямёны (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), да ўсходніх — лета-літоўскія (літва, аўкштайты, жэмайты, латгалы, земгалы і інш.)… Вычляненне дняпроўскіх балтаў можна правесці толькі археалагічна…

Паводле дадзеных тапанімікі і археалогіі на тэрыторыі Беларусі пражывалі продкі балцкіх плямён літвы, лотвы, латыгалі, яцвягаў і інш. …

У другой палове І тыс. н. э. славяне, якія рухаліся з поўдня на поўнач па Дняпры, «адрэзалі» дняпроўскіх і часткова ўсходніх балтаў і амаль поўнасцю асімілявалі іх. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, балты прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэрыторыі Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да ХІІ—ХІІІ стст. і пазней. Частка іх была выцеснена на паўночны захад, частка — знішчана, але значная колькасць засталася жыць на сваіх месцах як астраўкі сярод славянскага асяроддзя. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патомкамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі заходніх груп усходнеславянскага насельніцтва ІХ—ХІІІ стст., з якіх склалася беларуская народнасць.

Вядучую ролю ў эканоміцы балтаў доўгі час адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. З удасканальваннем прылад вытворчасці, што было выклікана выкарыстаннем жалеза, вядучай галінай гаспадаркі паступова рабілася земляробства.

Археалагічныя знаходкі адлюстроўваюць развіццё сельскай гаспадаркі ў ІІ і ІІІ тыс. н. э., калі ў пахаваннях з’яўляюцца шматлікія жалезныя сякеры, матыкі, сярпы, косы, фрагменты накладак на драўляныя плугі, нажы, долаты, шылы, крэсівы. Акрамя пшаніцы, проса і ячменю з ІІ ст. н. э. вырошчваліся жыта і авёс… Звычайна сховішчы (зерня) размяшчаліся на тэрыторыі жылля…

Ва ўсходнебалтыйскіх умацаваннях на ўзгорках захаваліся такія ж суадносіны костак жывёл, як падчас ранняга жалезнага веку: костак свойскіх жывёл было ўдвая або ўтрая больш, чым костак дзікіх жывёл. Пераважала буйная жывёла, коні, авечкі, свінні.

На тэрыторыі, занятай балтыйскімі плямёнамі, перасякаліся гандлёвыя шляхі, якія ішлі на поўнач і ўсход да фіна-ўгорскіх плямён (паўночнае ўзбярэжжа Балтыкі), у Фінляндыю, на поўнач і ўсход. Такім чынам, балты станавіліся самымі значнымі пасрэднікамі ў распаўсюджванні культуры жалезанага веку ў паўночныя і ўсходнія раёны… Велізарную ролю ў гандлі балтаў з другімі землямі іграў бурштын. У той час балты не перавозілі бурштын на поўдзень, а прадавалі яго германскім плямёнам…, якія засялялі вусце Віслы. Гандаль з імі вёўся для атрымання металу, які займаў у гандлі другое месца…

У шматлікіх паселішчах балтаў выяўлены гліняныя печы для выплаўлення жалеза, знойдзены запасы прылад працы кавалёў, у тым ліку кавадлы, малаткі, долаты і напільнікі. Жалезныя сякеры са злучэннямі або прасвідраванымі дзіркамі, малаткі, долаты адрозніваюцца сваімі формамі, характэрнымі для той ці іншай мясцовасці. Любая зброя або прылада арыентаваліся на агульныя прататыпы (кельцкія і германскія), вядомыя ў Цэнтральная Еўропе яшчэ да нашай эры, якія прынялі чыста балтыйскія рысы прыкладна ў 200 г. н. э. … 

1. У якую эпоху адбылося фарміраванне балтаў?
            2. Назавіце асноўныя балцкія плямёны.
            3. Складзіце агульную характарыстыку балцкіх плямён.
            4. Аб якіх узаемадзеяннях слаян і балтаў ідзе гаворка ў артыкуле?
            5. Вызначце, ці супадае думка аўтараў вучэбнага дапаможніка з прыведзенай у артыкуле.
            6. Да якіх істотных змен прывяла асіміляцыя балтаў славянамі?
            7. Чаму, на думку аўтараў артыкула, балты і беларусы маюць шмат агульных рыс?
            8. Ахарактарызуйце гаспадарку балтаў.
            9. Як фарміраваліся ў балтаў гандлёвыя шляхі?
            10. Аб чым сведчаць знаходкі ў балцкіх пасяленнях гліняных печаў для выплаўлення жалеза? Які кірунак рамяства развіваўся ў балтаў?
            11. Якую інфармацыю аб жыцці балтыйскіх плямён можна пры дапамозе археалагічных даследаванняў?
            12. Вызначце асноўныя сэнсавыя часткі артыкула. Падрыхтуйце тэзісны план адказу па тэме «Балты на тэрыторыі Беларусі».

 [3] Тугай У., Грыгор’еў У. Балты на тэрытоырі Беларусі / Гісторыя: пралемы выкладання. 2009. № 7. С. 47—51.

ІІІ. Работа з картасхемай

 

1. Складзіце ў сшытку картасхему. Пазначце на ёй ўсходнеславянскія плямёны і лакалізуйце іх рассяленне ва Усходняй Еўропе. Абазначце арэалы і шляхі рассялення славянскіх плямён у Заходняй Еўропе. Пазначце сталіцы дзяржаў, рэзідэнцыі правіцеляў.

          2. Вызначце асноўныя гандлёва-культурныя, палітычныя шляхі зносін ва Усходняй Еўропе ў той час.
          3. Абазначце арэалы і шляхі рассялення ўсходнеславянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі. Пазначце племянныя цэнтры славян.
          4. Дайце картасхеме назву. Складзіце легенду.
          5. Распрацуйце 2—3 пытанні да картасхемы.