Практыкум "ЭТНІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ"
2. Са «Страцегікона» Маўрыкія[2]
…Плямёны славян і антаў падобныя па свайму вобразу жыцця, па сваіх норавах, па сваёй любові да свабоды; іх ніякім чынам нельга схіліць да рабства ці падначалення ў сваёй краіне. Яны шматлікія, цягавітыя, лёгка пераносяць жар, холад, дождж, галізну, недахоп у ежы. Да прыбываючых замежнікаў яны ставяцца ласкава і, пры пераходзе іх з аднаго месца ў іншае, ахоўваюць у выпадку патрэбы... Тых, якія знаходзяцца ў іх у палоне, яны не трымаюць у рабстве, як іншыя плямёны, на працягу неабмежаванага часу, але, абмяжоўваючы [тэрмін рабства] вызначаным часам, прапануюць ім на выбар: ці жадаюць яны за вядомы выкуп вярнуцца дадому або застацца там [дзе яны знаходзяцца ] на становішчы вольных іх сяброў…
У іх вялікая колькасць разнастайнай жывёлы і пладоў зямных, якія ляжаць у кучах, у асаблівасці проса і пшаніцы.
Сціпласць іх жанчын перавышае ўсякую чалавечую прыроду, так што большасць іх лічаць смерць свайго мужа сваёй смерцю і добраахвотна задушваюць сябе, не лічачы знаходжанне ва ўдаўстве за жыццё.
Яны селяцца ў лясах, каля непраходных рэк, балот і азёр, ладзяць у сваім жыллі шмат выхадаў з-за прычыны небяспекі. Неабходныя для іх рэчы яны закопваюць у схованках, нічым лішнім адкрыта не валодаюць і вядуць жыццё вандроўнае.
Змагацца са сваімі ворагамі яны любяць у месцах, парослых густым лесам, у цяснінах, на абрывах; з выгадай для сябе карыстаюцца [засадамі], раптоўнымі нападамі, хітрасцямі, і днём і ноччу вынаходзячы шмат [разнастайных] спосабаў. Дасведчаныя яны таксама і ў пераправе праз рэкі, пераўзыходзячы ў гэтым дачыненні ўсіх людзей. Мужна вытрымліваюць яны знаходжанне ў вадзе, так што часта некаторыя з тых, хто застаўся дома і быў заспеты раптоўным нападам, апускаюцца ў бездань вод. Пры гэтым яны трымаюць у роце спецыяльна вырабленыя пустыя ўнутры чароціны, якія даходзяць да паверхні вады, а самі, лежачы на дне [ракі], дыхаюць з дапамогай іх; і гэта яны могуць рабіць на працягу многіх гадзін, так што зусім нельга здагадацца пра іх [прысутнасць]. Кожны ўзброены двума невялікімі коп'ямі, некаторыя маюць таксама шчыты, трывалыя, але такія, што цяжка пераносіць [з месца на месца]. Яны карыстаюцца таксама драўлянымі лукамі і невялікімі стрэламі, якія намочваюць асаблівай для стрэл атрутай, што дзейнічае вельмі моцна, калі толькі паранены своечасова не прыме проціяддзя або [не скарыстаецца] іншымі дапаможнымі сродкамі, вядомымі дасведчаным лекарам, ці адразу ж не абрэжа кругам месца ранення, каб яд не распаўсюдзіўся на іншыя ўчасткі цела.
Не маючы над сабою кіраўніка і варагуючы адзін з адным, яны не прызнаюць ваеннага строю, не здольныя змагацца ў правільнай бітве, паказвацца на адкрытых і роўных месцах. Калі і здарыцца, што яны адважыліся ісці на бой, то яны ў час яго з крыкам злёгку прасоўваюцца наперад ўсе разам, і калі праціўнікі не вытрымаюць іх крыку і здрыгануцца, то яны моцна наступаюць; у адваротным выпадку кідаюцца на ўцёкі, не спяшаючыся памерацца сіламі з непрыяцелямі ў рукапашнай сутычцы. Маючы вялікую дапамогу ў лясах, яны накіроўваюцца да іх, бо сярод цяснін яны ўмеюць добра змагацца…
1. Прааналізуйце матэрыял пры дапамозе памяткі «Як працаваць з гістарычным дакументам».
2. Складзіце тэзісы па ўрыўку.
3. Як аўтар дакумента характарызуе лад жыцця славян?
4. Якія рысы характару славянскіх ваяроў можна вылучыць з прыведзенага апісання?
5. Вызначце ваенную стратэгію славян. Ці была яна найлепшым спосабам вядзення ваенных дзеянняў?
6. Выявіце, якія назвы вашай мясцовасці балцкія, а якія — славянскія.
[2] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XVст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 7.