§ 47. Амінакіслоты

Прымяненне амінакіслот

У жывых арганізмах, у тым ліку ў арганізме чалавека, з амінакіслот утвараюцца бялкі. Некаторыя амінакіслоты выкарыстоўваюць у якасці лекавых сродкаў і харчовых дабавак. Амінакіслоты прымяняюцца для атрымання высокамалекулярных злучэнняў, з якіх вырабляюць валокны і пластмасы.

Разгледзім атрыманне сінтэтычнага валакна капрон. Утварэнне палімеру, з якога атрымліваюць валакно, можна прадставіць наступнай схемай:

img

Нейлон

Астаткі 6-амінагексанавай кіслаты ў капроне звязаны аміднымі сувязямі, таму валакно капрон адносіцца да поліамідных. Паколькі макрамалекулы капрону атрымліваюць сінтэтычным шляхам, то капрон — сінтэтычнае валакно. У нашай краіне капрон атрымліваюць на філіяле «Завод Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот». Яшчэ адным прыкладам сінтэтычных валокнаў з’яўляецца поліэфірнае валакно лаўсан (§ 38).

Аб сінтэтычным валакне нейлоне вы даведаецеся, перайшоўшы па спасылцы ў QR-кодзе.

Амінакіслоты — арганічныя злучэнні, малекулы якіх змяшчаюць амінагрупу img NH2 і карбаксільную групу img COOH.

Для амінакіслот характэрны ўласцівасці як амінаў, так і карбонавых кіслот.

Амінакіслоты ўтвараюць солі пры ўзаемадзеянні і з кіслотамі, і са шчолачамі. Такім чынам, амінакіслоты — амфатэрныя арганічныя злучэнні.

Растворы амінакіслот не змяняюць афарбоўку індыкатараў, паколькі аміна- і карбаксільная групы ў амінакіслотах нейтралізуюць адна адну.

Малекулы амінакіслот могуць рэагаваць адна з адной, утвараючы пептыды.

Полікандэнсацыяй 6-амінагексанавай кіслаты атрымліваюць сінтэтычнае валакно капрон.