§ 38. Складаныя эфіры

Прымяненне

Дзякуючы прыемнаму паху, складаныя эфіры прымяняюцца ў вытворчасці фруктовых вод, кандытарскіх вырабаў, касметыкі. Некаторыя складаныя эфіры, напрыклад этылавы эфір воцатнай кіслаты, прымяняюць у якасці растваральнікаў.

Сінтэтычнае валакно лаўсан з’яўляецца складаным эфірам палімернай будовы. Яго атрымліваюць у выніку ўзаемадзеяння тэрэфталевай кіслаты і этыленгліколю:

img

Як бачна, рэчывы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой па тыпу рэакцыі этэрыфікацыі, якая мнагакратна паўтараецца, у выніку ўтвараюцца макрамалекулы лаўсану і нізкамалекулярны прадукт — вада. Напомнім, што працэсы, у выніку якіх з нізкамалекулярных рэчываў утвараецца высокамалекулярнае злучэнне і пабочны нізкамалекулярны прадукт, называюцца полікандэнсацыяй (§ 30). Так як лаўсан з’яўляецца прадуктам рэакцыі этэрыфікацыі, якая мнагакратна паўтараецца, яго можна назваць поліэфірам, таму лаўсан адносіцца да сінтэтычных поліэфірных валокнаў. У нашай краіне лаўсан атрымліваюць на ААТ «Магілёўхімвалакно».

Складаныя эфіры ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні карбонавых кіслот са спіртамі — рэакцыя этэрыфікацыі. Назвы складаных эфіраў складаюць з назваў спірту і кіслаты, з якіх яны ўтвараюцца.

Складаныя эфіры найпрасцейшых карбонавых кіслот і спіртоў — вадкасці з прыемнымі пахамі.

Складаныя эфіры ўзаемадзейнічаюць з вадой з утварэннем адпаведнай карбонавай кіслаты і спірту.

Сінтэтычнае поліэфірнае валакно лаўсан атрымліваюць у выніку рэакцыі полікандэнсацыі паміж тэрэфталевай кіслатой і этыленгліколем.