§ 15. Фізічныя і хімічныя ўласцівасці алкенаў
Рэакцыя полімерызацыі
За кошт раскрыцця двайных сувязей асобныя малекулы этылену могуць злучацца адна з адной, утвараючы доўгія ланцугі. Схематычна гэты працэс можна адлюстраваць так:
У выніку злучэння соцень ці нават тысяч малекул этылену ўтвараецца адна гіганцкая малекула — палімер. Рэакцыя, якая працякае, называецца рэакцыяй полімерызацыі.
Больш коратка працэс полімерызацыі этылену можна выразіць наступным ураўненнем:
Полімерызавацца могуць і іншыя алкены, у прыватнасці прапілен:
Зыходнае рэчыва ў рэакцыі полімерызацыі называецца манамерам, а прадукт — палімерам. Малекулы палімера таксама называюць макрамалекуламі.
Лік манамерных звёнаў у малекуле палімера называецца ступенню полімерызацыі. У формуле палімера ступень полімерызацыі абазначаюць індэксам «n».
Поліэтылен і поліпрапілен вам добра знаёмы. З поліэтылену вырабляюць поліэтыленавую плёнку, посуд, прадметы хатняга ўжытку і г. д. Поліпрапілен вельмі падобны да поліэтылену і адрозніваецца ад яго толькі павышанай трываласцю і тэрмаўстойлівасцю. З поліпрапілену вырабляюць плёнку для цяпліц, корпусы аўтамабільных акумулятараў і многае іншае. З многімі палімерамі вы пазнаёміцеся далей.