Літаратура эпохі Адраджэння (XVI стагоддзе)
* Эпоха Адраджэння ў Беларусі
У гістарычным плане культура Адраджэння падзяляецца на два этапы: Ранні рэнесанс (першая палова XVI стагоддзя) і Позні рэнесанс (другая палова XVI — пачатак XVII стагоддзя).
На першым этапе яна грунтавалася на веры ў гармонію паміж саслоўямі, народамі, хрысціянскімі канфесіямі, грамадствам і асобай, чалавекам і дзяржавай. Першы этап характарызуецца хрысціянскім універсалізмам і патрыятызмам. У гэтым напрамку працавалі Францыск Скарына, лацінамоўныя паэты і мысліцелі (Мікола Гусоўскі, Ян Вісліцкі, Міхалон Літвін), стваральнікі Статута Вялікага Княства Літоўскага, асветнікі праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай канфесій (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі).
У час Позняга рэнесансу гэтыя ідэалы сутыкнуліся з рэальнасцю — ідэалагічнай, рэлігійнай, літаратурна-публіцыстычнай барацьбой розных груповак і плыняў за сцвярджэнне прызнаных імі каштоўнасцей. У гэтай барацьбе грамадскія і палітычныя дзеячы, тэолагі, пісьменнікі актыўна выкарыстоўвалі культурныя набыткі Адраджэння ў галіне мастацтва, красамоўства, лінгвістыкі, навукі вядзення спрэчак. Пашырэнню поглядаў розных грамадскіх суполак спрыяла кнігадрукаванне.
На другім этапе спачатку дамінавалі дзеячы рэфармацыйнага руху, пазней набрала моц каталіцкая плынь, асабліва пасля адкрыцця езуіцкіх калегій у Вільні, Полацку, Нясвіжы. Даследчыкамі красамоўства і паэзіі, выдатнымі публіцыстамі, аўтарамі першых падручнікаў славянскай мовы былі багасловы і пісьменнікі Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, пазней — паэт-лацініст, тэолаг і філосаф каталіцкага напрамку Мацей Сарбеўскі.
«Граматыку» Мялеція Сматрыцкага разам з «Арыфметыкай» Лявонція Магніцкага называў «варотамі сваёй вучонасці» Міхайла Ламаносаў. |
У эпоху Позняга рэнесансу важнае значэнне для развіцця шматмоўнай свецкай літаратуры мела прывілеяванае становішча мясцовай арыстакратыі і шляхты, што спрыяла распаўсюджванню мецэнацтва. Мецэнацтва аказвала непасрэднае ўздзеянне на фарміраванне многіх ідэйна-мастацкіх асаблівасцей тагачаснага пісьменства (у першую чаргу — паэзіі), паколькі апякун-мецэнат патрабаваў, каб літаратурны твор не проста ўслаўляў яго асабіста, але і адпавядаў культурным запатрабаванням усяго вышэйшага саслоўя, быў створаны на належным мастацкім узроўні.
Нягледзячы на сваю гарманічнасць, перадавы характар, рэнесансная літаратура ў светапоглядным плане была неаднародная: у тэкстах філасофскі матэрыялізм суіснаваў і з фармальнай логікай, схаластыкай, і з містыкай, верай у «падкопы д’ябла», што праяўлялася ў змаганні з «ведзьмамі», «чарадзеямі», іншымі міфічнымі персанажамі. |
Эпоха Адраджэння — гэта перыяд росквіту Вялікага Княства Літоўскага, удасканалення заканадаўства і справаводства, развіцця старабеларускай мовы, узнікнення кнігадрукавання, станаўлення свецкіх відаў мастацтва. Нездарма XVI стагоддзе называюць залатым векам у культурнай гісторыі даўняй Беларусі. У беларускай літаратуры гэтага часу таксама выявіліся тэндэнцыі еўрапейскага Адраджэння. Пра зараджэнне духу свабоды на нашых землях сведчыць дадзенае гарадам магдэбургскае права (права на самакіраванне), распрацоўка Статута Вялікага Княства Літоўскага. Жыхары краіны маглі выязджаць на вучобу ў заходнееўрапейскія ўніверсітэты, гандляры з мясцовымі таварамі бывалі ў розных краінах свету. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы (у XVI стагоддзі налічвалася каля 50 спецыяльнасцей). Рамеснікі будавалі і ўпрыгожвалі замкі, цэрквы, касцёлы. Як і ў Заходняй Еўропе, у Беларусі панавала гатычнае дойлідства (яркімі ўзорамі беларускай готыкі з’яўляюцца Барысаглебская царква ў Навагрудку, храмы ў Смаргоні, Асташыне, Койданаве). Склалася мясцовая школа жывапісу, узнік жанр параднага партрэта. Беларускае мастацтва гэтага часу прадстаўлена таксама ўзорамі драўлянай скульптуры, керамікі, іканапісу, а творы «Брэсцкага канцыянала», «Нясвіжскага песенніка» сведчаць пра высокі ўзровень музычнай культуры нашых продкаў. Пад апекай магнатаў у шматлікіх друкарнях выдаваліся кнігі, прычым не толькі рэлігійнага, але і свецкага зместу, у тым ліку і мастацкія тэксты.
Творцаў таго часу можна назваць універсаламі: яны мелі энцыклапедычныя веды, дасягнулі поспеху ў розных галінах навукі і мастацтва, валодалі некалькімі мовамі, падарожнічалі. Вялікія мысліцелі-гуманісты Адраджэння Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, паэт Мікола Гусоўскі заклалі падмурак нашай нацыянальнай свядомасці, узбагацілі філасофію разважаннямі на тэалагічныя і гуманістычныя тэмы (суадносіны боскага і чалавечага, свабоды і несвабоды, узаемадачыненняў уладара і народа), паставілі культуру тагачасных беларускіх зямель у шэраг самых развітых сярод суседзяў.
На фарміраванне беларускай літаратуры Адраджэння ўплывала некалькі акалічнасцей:
- У Беларусі Адраджэнне пачалося крыху пазней за Заходнюю Еўропу і прыпала на ХVI стагоддзе.
- Геаграфічнае становішча спрыяла таму, што ў культуры і, адпаведна, у літаратуры спалучаліся ўсходняя (візантыйская) і заходняя (рымска-каталіцкая) традыцыі.
- У Вялікім Княстве Літоўскім рэфармацыйны рух як сацыяльная і рэлігійная з’ява быў цесна звязаны з Рэнесансам. Вядомымі дзеячамі гэтага напрамку былі кнігавыдаўцы, асветнікі, публіцысты Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.
- Ідэі гуманізму вывелі на першы план аўтарскі пачатак у творы — тэксты перасталі бытаваць ананімна. Зварот да асобы чалавека паспрыяў таксама звароту да яго нацыянальнай ідэнтычнасці, таму побач з царкоўнаславянскай і лацінскай (Мікола Гусоўскі) аўтары ўсё часцей карысталіся мовай свайго народа (Францыск Скарына), што спрыяла развіццю і самой мовы, і прыгожага пісьменства.
- Асаблівасцю тагачаснай літаратуры стала зліццё даўніх мясцовых традыцый красамоўства і новых адраджэнскіх мастацкіх прынцыпаў. У нашай, як і ў іншых еўрапейскіх літаратурах, узнікла лірыка (яе пачынальнікам стаў Францыск Скарына). Плённае развіццё атрымаў жанр эпічнай паэмы («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага).
Вынікам рэнесанснага светабачання і рэфармацыйнага руху стала распаўсюджванне свецкай і царкоўна-рэлігійнай публіцыстыкі (прадмовы Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага да рэлігійных кніг).
Белетрыстыка — мастацкая проза; непаэтычныя творы вытанчанай славеснасці (раманы, аповесці, нарысы і інш.) |
У гэты перыяд адбывалася белетрызацыя твораў — гэта значыць, у гістарычны матэрыял або дзелавыя дакументы ўключаліся фрагменты мастацкага апавядання, элементы займальнасці (напрыклад, лісты аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага). Пазней узніклі іншыя жанры, што мелі характарыстыкі мастацкай літаратуры, — дзённікі (дыярыушы) і ўспаміны (мемуары).
Важныя змены адбываліся ў гэты перыяд і ў летапісанні. Першы летапісны звод — «Беларуска-літоўскі летапіс (1446)» — перапісваўся і чытаўся ў гэты час. А ў першай палове XVI стагоддзя з'явіўся другі беларуска-літоўскі летапісны звод — «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», які стаў крыніцай «Хронікі Быхаўца» — важнай з’явы ў развіцці беларускай гістарычнай белетрыстыкі даўняй пары.
Самы яркі твор адраджэнскай лацінамоўнай паэзіі ў гісторыі беларускай літаратуры — гэта паэма «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Аўтар меркаваў апісаць паляванне на волата пушчы, а стварыў сапраўдны гімн сваёй Радзіме — Вялікаму Княству Літоўскаму.
У тэксце выразна гучаць патрыятычныя матывы, паўстае прырода беларускага краю, апяваюцца ідэалы справядлівасці, раскрываюцца ўяўленні пра ідэальнага кіраўніка дзяржавы (вобраз Вітаўта). У «Песні пра зубра» згадваюцца вобразы антычнай міфалогіі, ярка адлюстроўваецца аўтарскае «я», што ўласціва літаратуры Адраджэння.
У XVI стагоддзі пачаў разгортвацца рэфармацыйны рух. Адпаведна, пачалася міжканфесійная палеміка — пратэстанцкія, праваслаўныя і каталіцкія багасловы вусна і пісьмова выказваліся супраць дактрын апанентаў, вялі перапіску, спрэчкі, дыспуты, распаўсюджвалі тэзісы і водпаведзі на іх. Гэты працэс спрыяў нараджэнню самабытных і яркіх тэкстаў, а значыць, развіццю літаратуры. Выдатным майстрам палемічнай1 публіцыстыкі быў Сымон Будны.
Пры напісанні твораў мастацкай літаратуры перавага аддавалася лацінскай — мове міжнацыянальных зносін у тагачаснай Еўропе, а таксама польскай, але з’яўляліся і выдатныя творы, напісаныя на старабеларускай.
У сярэдзіне XVI стагоддзя канцлер літоўскі Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў берасцейскі кальвінскі збор — першую пратэстанцкую царкву на тэрыторыі княства — і друкарню пры ёй.
На кароткі час Бярэсце (сёння Брэст) ператварылася ў адзін з інтэлектуальных цэнтраў Еўропы, куды з’язджаліся вядомыя вучоныя, пісьменнікі, музыканты, а таксама — у буйны выдавецкі цэнтр, прадукцыя якога прызначалася не толькі мясцовым чытачам. Там убачыла свет першая на тэрыторыі Беларусі пратэстанцкая Біблія.
Распаўсюджванне кнігадрукавання паскарала культурна-гістарычныя працэсы. Несумненныя заслугі ў наладжванні выдавецкай справы належалі ўсходнеславянскаму першадрукару Францыску Скарыну, а таксама яго паслядоўнікам — Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.
_______________________
1Палемі´чны (ад слова «палеміка», што значыць ‘бітва’, ‘вайна’) — непрымірымы, той, што тычыцца спрэчак.