Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)
*Кірыл Тураўскі
1. Якую ролю адыгрываў Тураў у Сярэдневякоўі?
2. Чаму за Кірылам Тураўскім замацавалася імя Залатавуст?
Кірыл Тураўскі (каля 1110 — пасля 1182)
Адзінае летапіснае ўпамінанне свяціцеля Кірыла, епіскапа Тураўскага, датуецца 1169 годам. |
Дакладных звестак пра жыццё і дзейнасць Кірыла Тураўскага захавалася мала. Да нас дайшло кароткае жыціе асветніка канца ХІІ стагоддзя, якое ўключае пахвалу Кірылу. З жыція вядома, што ён быў сынам заможных бацькоў і вылучаўся адукаванасцю (у тыя часы ў Тураве класічную грэчаскую адукацыю, якую меў асветнік, можна было атрымаць толькі пры княжацкім двары).
«Блажэнны Кірыл нарадзіўся і ўзгадаваўся ў... горадзе Тураве. Быў ён сынам багатых бацькоў, але не любіў багацця і марнай славы гэтага свету, а любіў больш за ўсё вучэнне боскіх кніг», — запісаў невядомы аўтар у кароткім жыціі тураўскага епіскапа. |
Сёння складана вызначыць дакладныя даты, звязаныя з жыццём свяціцеля, бо няма звестак ні пра колькасць пражытых ім гадоў, ні пра час смерці. Не занатавана нават імя, дадзенае Кірылу пры хрышчэнні. Вядома толькі пра яго дзесяцігадовае самотніцтва ў стаўпе-вежы — таму асветніка яшчэ называюць стоўпнікам. Адмежаваны ад свету і зямных турбот, малады манах Кірыл займаўся вывучэннем, тлумачэннем і каментаваннем Свяшчэннага Пісання. Падчас стоўпніцтва да Кірыла прыйшла шырокая літаратурная вядомасць. Яго творамі захапляліся, чыталі, перапісвалі іх і нават вучылі на памяць. Пасля самотніцтва ён як надзвычай аўтарытэтны багаслоў быў запрошаны на пасаду тураўскага епіскапа.