ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Літаратурны напрамак

Класіцызм

Класіцысцкія творы мастацтва сталі вынікам звароту грамадства да класічных узораў антычнасці з іх упарадкаванасцю, значнасцю, дакладнасцю, строгім падзелам на прыгожае і агіднае, трагічнае і камічнае, высокае і нізкае. 

Літаратурныя тэксты класіцызму маюць пэўныя асаблівасці: 

  1. інтэлектуальнае асэнсаванне жыццёвых з’яў;
  2. імкненне да абсалютнага ідэалу;
  3. перамога грамадзянскага абавязку над пачуццёвымі памкненнямі героя.

Таму і персанажы класіцысцкай літаратуры манументальныя, значныя (падзвіжнікі, цары, палкаводцы). А жанры дакладна размежаваны на высокія (ода, трагедыя і інш.) і нізкія (байка, камедыя і інш.).

 Трагедыя класіцызму была падпарадкавана пэўнаму рэгламенту:
1) адзінства месца дзеяння на працягу ўсіх пяці актаў; 
2) адзінства самога дзеяння, дзе сюжэт павінен быў паказвацца цалкам — ад завязкі да развязкі; 
3) адзінства часу, калі ўсе падзеі змяшчаліся прыкладна ў тры гадзіны.

Беларуская літаратура адгукнулася на класіцызм апасродкавана — праз парадыйна-сатырычныя творы Вікенція Равінскага «Энеіда навыварат» і Канстанціна Вераніцына «Тарас на Парнасе», дзе «высокае » (багі і героі) «пераапранута» ў «нізкае» (простых сялян). І таму пазнаць рысы класіцызму ў іх даволі складана.