§ 14-1. Дзяржаўны лад славянскіх краін
1. Дзяржаўны лад і яго заканадаўчае афармленне
У старажытнасці славянскія плямёны ўзначальвалі выбарныя ваенныя правадыры — князі. Яны імкнуліся да заваявання новых тэрыторый і далучэння суседніх плямён. Гэта вяло да фарміравання дзяржаў і сістэмы кіравання імі. Аднак першыя дзяржавы былі нестабільныя і часта станавіліся ахвярамі больш моцных суседзяў.
Улада князя абапіралася перш за ўсё на ваенную сілу. Таму важную ролю ў станаўленні дзяржавы адыгрывала княжацкая дружына. Яна не толькі здзяйсняла ўзброеныя набегі і бараніла тэрыторыю, але і ажыццяўляла шэраг адміністрацыйных функцый. Такім чынам, дружына ўяўляла сабой апарат кіравання землямі, складвалася княжацка-дружынная сістэма дзяржаўнага кіравання. Паступова пры князю фарміраваўся савет, у склад якога ўваходзілі служылая і мясцовая знаць, прадстаўнікі духавенства.
У старажытнасці значны ўплыў на жыццё грамадства аказвала веча — народны сход, які праводзіўся ў адпаведнасці з племяннымі традыцыямі. Пазней веча захоўвала ўплыў на некаторых тэрыторыях і ў гарадах, дзе яго выкарыстоўвалі для адстойвання сваіх інтарэсаў заможныя пласты насельніцтва — купцы і рамеснікі. Асабліва значным веча было ў Наўгародскай зямлі. Яно вырашала пытанні арганізацыі жыцця горада і прылеглых да яго тэрыторый.
З цягам часу гарады Старажытнай Русі аказаліся падпарадкаванымі князям, якія валодалі ваеннай сілай і цалкам распараджаліся жыццём гарадоў. Выключэнне складалі толькі Ноўгарад і Пскоў, дзе веча запрашала князёў і кантралявала іх дзейнасць.
Органам мясцовага сялянскага самакіравання абшчыны была верв. Яна пераразмяркоўвала зямельныя надзелы сялян, арганізоўвала збор падаткаў з членаў абшчыны, вырашала судовыя спрэчкі.
Паступова ўплыў князёў узмацніўся, і за прадстаўнікамі пэўнай дынастыі замацоўвалася права на ажыццяўленне вярхоўнай улады ў дзяржаве. У Кіеўскай Русі да ўлады прыйшла дынастыя Рурыкавічаў, у Польшчы — Пястаў, у Чэхіі — Пржэмыславічаў.
Сістэма дзяржаўнага кіравання ўмацоўвалася з выданнем зводаў заканадаўства. Першы зборнік законаў у славян — «Закон судный людем» — з'явіўся ў IX ст. у Балгарыі, ён склаўся пад уплывам візантыйскага права. Найстаражытны звод традыцыйнага права Старажытнай Русі — «Руская праўда» — быў створаны пры кіеўскім князі Яраславе Мудрым. Правы вышэйшых саслоўяў у Чэшскім каралеўстве былі зафіксаваныя ў «земскіх дошках», якія сталі найважнейшай крыніцай права ў XIII—XVIII стст. У Сербскім каралеўстве сацыяльную дыферэнцыяцыю грамадства замацаваў «Законнік» цара Стафана Душана (1349 г.), у Польскім каралеўстве — «Статут Казіміра Вялікага» (1368 г.).