§ 10-1. Светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці сярэднявечных еўрапейцаў

4. Жыццёвыя арыенціры. Сістэма жыццёвых каштоўнасцяў

Хрысціянскія ідэі і каштоўнасці працялі сярэднявечныя культуру і побыт. Таму сувязь чалавека з Богам заставалася ў цэнтры ўвагі на працягу ўсяго Сярэднявечча. Пажаданым лічылася здзяйсняць паломніцтвы, каб дакрануцца да хрысціянскіх святынь. Шанаванне святых, якія абвяшчаліся заступнікамі некаторых прафесій, асобных гарадоў і нават цэлых краін, было важным для кожнага хрысціяніна. У цэлым вельмі шмат увагі надавалася абрадам. Строгае іх выкананне і чытанне малітваў лічылася важнай умовай для выратавання душы верніка. Сярэднявечнага хрысціяніна страшыла не столькі сама смерць, колькі вечныя мукі ў пекле. Для пастаяннага напаміну пра іх у саборах часта малявалі сцэны Страшнага суда.

Працэс інтэнсіўнай урбанізацыі наклаў адбітак на фарміраванне жыццёвых арыенціраў сярэднявечнага заходнееўрапейца. Сярод гараджан было шмат пісьменных людзей, бо ўменне лічыць і пісаць было неабходным у рамеснай і гандлёвай дзейнасці, у гарадскім самакіраванні і гарадскіх судах. І калі спачатку адукаваныя людзі засяроджваліся ў кляштарах, то з цягам часу іх станавілася ўсё больш сярод гарадскога насельніцтва. Таму менавіта ў гарадах сфарміраваліся ўніверсітэты, яны мелі права на ўнутранае самакіраванне.