§ 10-1. Светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці сярэднявечных еўрапейцаў
3. Сям’я, каханне, феномен дзяцінства ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе
Сярэднія вякі можна па праве назваць «светам дарослых». Узроставыя асаблівасці дзяцей грамадствам часта ігнараваліся. Іх лічылі «маленькімі дарослымі» і часцяком падобным чынам адлюстроўвалі ў жывапісе (з рысамі твару дарослых людзей і ў «дарослай» вопратцы). Дзеці падлягалі ўсім судовым працэдурам, прадугледжаным для дарослых, у тым ліку і смяротнаму пакаранню. Час дзяцінства быў вельмі абмежаваным. Ды і працягласць жыцця ў сярэднія вякі была невялікай у сілу недастатковага харчавання і дрэннага стану медыцыны. Па тых жа прычынах дзіцячая смяротнасць была даволі высокай.
Што тычыцца стварэння сям'і, то шлюбны ўзрост мог пачынацца ўжо з 12 гадоў. У такім жа або трохі больш дарослым узросце чалавек мог стаць спадчыннікам прастола і кіраваць дзяржавай альбо самастойна, альбо пры дапамозе рэгента. У цэлым дзеці даволі рана адрываліся ад сям'і. Гараджане аддавалі сваіх сыноў на вучобу да рамеснікаў, а дзеці сялян з ранніх гадоў працавалі ў полі, дапамагаючы бацькам. Лічылася добрым варыянтам аддаць сына ці дачку ў манастыр, дзе тыя хаця б стануць пісьменнымі людзьмі, магчыма, нават, зробяць кар'еру ў царкве. Дзяцінства ў сярэднія вякі было вельмі бязрадасным часам, у сям'і дзяцей не акружалі любоўю і клопатам.
У вышэйшых пластах грамадства, у першую чаргу сярод манархаў, шлюбы заключаліся для дасягнення палітычных выгод. Яны афармляліся як дынастычныя саюзы, а пра пачуцці паміж мужам і жонкай гаворкі не ішло. Для ўмацавання становішча шлюбы часта заключаліся паміж прадстаўнікамі багатых купецкіх сем'яў і дваранамі.
Што ж тычыцца кахання, то ў літаратуры распаўсюдзілася паняцце «куртуазнае каханне». Паэты куртуазнага напрамку, трубадуры і труверы, апявалі ў сваіх творах каханне Рыцара да Прыгожай дамы — ідэальнае каханне і ідэалізаваныя адносіны, не заўсёды магчымыя ў тагачасным ў рэальным жыцці.