§ 10-1. Светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці сярэднявечных еўрапейцаў

2. Сацыяльнае асяроддзе

Правы і абавязкі кожнага члена грамадства вызначаліся яго сацыяльным статусам — прыналежнасцю да сям'і, саслоўя, прафесійнай супольнасці. На ўзроўні роднасных адносін асноўнай ячэйкай грамадства была сям'я, дзе становішча мужа, жонкі і іх дзяцей было розным. Далей улічваўся прафесійны статус: становішча ў грамадстве вызначалася відам заняткаў чалавека. На вяршыні дадзенай іерархіі стаялі знаць і вышэйшае духавенства, унізе знаходзіліся рамеснікі і сяляне. Пры гэтым арыстакратыя таксама ранжыравалася за кошт існавання феадальнай лесвіцы. Адрозніваліся рангі духавенства. У гарадскіх прафесійных карпарацыях (цэхі, гільдыі) розным магло быць і становішча гараджан. Сацыяльны статус асобы мог змяняцца на працягу жыцця, але чалавек не мог апынуцца па-за рамкамі строга рэгламентаванага грамадскага дзялення, па-за групамі. Інакш ён апынаўся па-за законам і лічыўся ізгоем.

У сярэднявечнай Еўропе, аграрнай па сваёй сутнасці, сяляне складалі пераважную большасць насельніцтва. Доўгі час сацыяльная стратыфікацыя вызначалася ўстаноўкамі хрысціянскай царквы. Сярэднявечныя пісьменнікі дзялілі людзей на «тых, хто моліцца», «тых, хто змагаецца» і «тых, хто арэ зямлю». Пры гэтым да заняткаў і працы сялян, рамеснікаў і купцоў ставіліся з пагардай. Праца, накіраваная на стварэнне матэрыяльных выгод, не адпавядала рэалізацыі ідэі царквы аб тым, што цела — гэта вязніца для душы. Аднак з ростам гарадоў у XIII ст. пачала ўзрастаць і роля гараджан у жыцці Еўропы: рамеснікаў, гандляроў, а пазней і навукоўцаў. Цяпер дзейнасць гандляроў і рамеснікаў лічылася богаўгоднай справай. Падкрэслівалася роля хрысціянскага Бога-Творцы як стваральніка ўсяго існага.

Такім чынам, менавіта ў гарадскім асяроддзі паступова пачынала фарміравацца і новае стаўленне да чалавека і яго патрэбаў. Зямныя даброты, зямныя інтарэсы чалавека (а не толькі свет духоўны або катаванне плоці і беднасць) сталі ўспрымацца богаўгодныя каштоўнасці. Таму пачала заахвочвацца актыўная дзейнасць чалавека, накіраваная на тое, каб зарабіць маёмасць сумленным шляхам.