§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці
*Празмернае спажыванне
Празмернае спажыванне — гэта ўзяцце прыродных рэсурсаў з асяроддзя для розных мэт (харчовых, гаспадарчых, медыцынскіх). Да прыродных рэсурсаў належаць змешчаныя ў прыродзе сродкі існавання, не створаныя працай людзей (вада, глеба, расліны, жывёлы, мінералы). Іх падзяляюць на вычарпальныя і невычарпальныя.
Да вычарпальных рэсурсаў належаць неаднаўляемыя, адносна аднаўляемыя і аднаўляемыя. Неаднаўляемыя рэсурсы не аднаўляюцца ці аднаўляюцца павольней, чым яны выкарыстоўваюцца чалавекам. Да іх належаць карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, торф, вапнякі). Адносна аднаўляльныя рэсурсы — гэта глеба, лес. Аднаўляльныя — расліннасць, жывёльны свет, шэраг мінеральных рэсурсаў, што аднаўляюцца з рознай хуткасцю. Каб заставацца аднаўляльнымі, гэтыя рэсурсы павінны расходавацца не хутчэй за іх аднаўленне.
Невычарпальнымі прынята лічыць касмічныя (сонечная радыяцыя, энергія марскіх прыліваў і адліваў), кліматычныя (атмасфернае паветра, энергія ветру, ападкі), водныя рэсурсы (запасы вады на Зямлі). Аднак вада і атмасфернае паветра невычэрпныя толькі колькасна, а якасна — вычэрпныя.