§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці

Прэамбула

Біяразнастайнасць — сукупнасць усіх відаў арганізмаў, якія жывуць на Зямлі. У наш час на планеце, паводле даных шэрага даследчыкаў, налічваецца прыкладна 500 тыс. відаў бактэрый, 300 тыс. відаў грыбоў, 500 тыс. відаў раслін і каля 1,5 млн відаў жывёл. Раней адзначалася, што біяразнастайнасць з’яўляецца адным з найважнейшых паказчыкаў, якія забяспечваюць устойлівасць экасістэм і біясферы ў цэлым. Выміранне відаў натуральным шляхам даволі працяглы працэс. Палеанталагічныя даныя паказваюць, што сярэдняя хуткасць вымірання складае прыблізна 1 від у стагоддзе.

За апошнія 400 гадоў з твару Зямлі, па некаторых даных, знікла 107 відаў і падвідаў млекакормячых, 160 відаў і падвідаў птушак. Па даных Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП), на мяжы знікнення знаходзяцца 11 167 відаў жывёл і 5714 відаў раслін. У Беларусі ў гэту катэгорыю трапляюць амаль трэць відаў дзікіх жывёл. Згодна з прагнозамі вучоных, калі тэмпы вымірання захаваюцца на такім жа ўзроўні, да 2100 г. могуць быць згублены begin mathsize 14px style 2 over 3 end style усіх відаў арганізмаў, якія насяляюць планету. Гэта можа прывесці да біясфернага крызісу. На аднаўленне біяразнастайнасці біясферы спатрэбіцца 5 млн гадоў.

У Беларусі, як і ў іншых краінах, біяразнастайнасць залежыць ад стану прыродных экасістэм: лясоў, балот, азёр, — якія займаюць каля 50 % тэрыторыі краіны.

У цяперашні час асноўнымі прычынамі скарачэння біялагічнай разнастайнасці з’яўляюцца: парушэнне і забруджванне асяроддзя пражывання, празмернае спажыванне і браканьерства, акліматызацыя чужародных відаў.