§ 52. Функцыі жывога рэчыва
*Дэструкцыйная функцыя
Дэструкцыйная функцыя — здольнасць жывых арганізмаў разбураць адмерлае арганічнае рэчыва да мінеральных рэчываў, якія могуць уключацца ў новы цыкл кругавароту рэчываў. Апошнюю фазу раскладання да простых мінеральных рэчываў ажыццяўляюць бактэрыі. Менавіта ў гэтым і заключаецца іх галоўная роля ў біясферы. Акрамя раскладання рэчыва арганічнай прыроды, жывыя арганізмы здольны разбураць і неарганічныя рэчывы — горныя пароды рознага паходжання. З дапамогай неарганічных і арганічных кіслот яны раскладаюць мінеральныя рэчывы і выбіральна здабываюць з іх кальцый, калій, натрый, фосфар, крэмній, шмат якія мікраэлементы, уключаючы іх у кругаварот рэчываў. У. І. Вернадскі пісаў: «Мы не маем на Зямлі больш магутнага драбіцеля матэрыі, чым жывое рэчыва». Таму біясфера — гэта не толькі фабрыка па вытворчасці складаных арганічных рэчываў, але і велізарны млын, які безупынна працуе.