*§ 48—4. Біём стэпаў умеранай зоны

Клімат

Клімат стэпавых рэгіёнаў, як правіла, знаходзіцца ў дыяпазоне ад умерана кантынентальнага да кантынентальнага. Ён характарызуецца гарачым, сонечным летам з рэдкімі дажджамі і адносна халоднай зімой з тонкім снежным покрывам. У Паўночным паўшар’і сярэднія тэмпературы ў ліпені складаюць ад +20 °С да +24 °С, а ў студзені — ад 0 °С да –30 °С.

Ападкаў у сярэднім выпадае ад 200 да 450 мм у год. Увільгатненне няўстойлівае, адносна вільготныя гады чаргуюцца з засушлівымі. Вільготнасць глебы тут з’яўляецца ключавым фактарам, таму што яна лімітуе раскладанне гумусу і вяртанне ў кругаварот неарганічных рэчываў. Характэрны частыя моцныя вятры, што пераходзяць у снежныя бураны зімой і ў пыльныя буры ў цёплую пару года. Рачная сетка развіта слаба, паверхневны сцёк нязначны, яго максімум назіраецца вясной.