§ 30. Паняцце палавога размнажэння і палавога працэсу

*Асаблівасці будовы і ўтварэння палавых клетак у жывёл

Разгледзім асаблівасці будовы палавых клетак у жывёл. У курсе біялогіі 9-га класа вы пазнаёміліся з будовай мужчынскіх і жаночых палавых клетак чалавека. Вы памятаеце, што галоўным адрозненнем палавых клетак ад саматычных з’яўляецца наяўнасць гаплоіднага набору храмасом.

У жывёл мужчынскія палавыя клеткі — сперматазоіды — дробныя, рухомыя, перамяшчаюцца з дапамогай аднаго ці некалькіх жгуцікаў. Форма мужчынскіх палавых клетак у розных відаў жывёл розная. Для пазваночных жывёл найбольш тыповыя сперматазоіды, якія маюць галоўку, шыйку і доўгі жгуцік для актыўнага перамяшчэння. Менавіта такую будову маюць сперматазоіды чалавека.

 

Жаночая палавая клетка — яйцаклетка — буйная, нерухомая, змяшчае запас пажыўных рэчываў. Яйцаклетка звычайна значна буйнейшая за саматычныя клеткі і часцей за ўсё мае сферычную форму.

Асабліва вялікіх памераў дасягаюць яйцаклеткі жывёл, эмбрыянальнае развіццё якіх адбываецца па-за целам маці (яйкі птушак і рэптылій, ікра амфібій і рыб). Яны маюць вялікі запас пажыўных рэчываў (жаўток).

Працэс утварэння і развіцця палавых клетак у жывёл працякае ў асаблівых палавых залозах — ганадах. Аднак у кішачнаполасцевых палавыя залозы адсутнічаюць, і палавыя клеткі ўтвараюцца з рэзервовых саматычных клетак.

Сперматазоіды і яйцаклеткі звычайна фарміруюцца адпаведна асобінамі мужчынскага і жаночага полу. Віды, у якіх арганізмы падзяляюцца на самцоў і самак, называюцца раздзельнаполымі. Сустракаюцца віды, у якіх адзін і той жа арганізм можа ўтвараць як мужчынскія, так і жаночыя палавыя клеткі. Такія арганізмы называюцца гермафрадытамі. Гермафрадытызм назіраецца шмат у якіх відаў малюскаў, плоскіх і кольчатых чарвей, але практычна не сустракаецца ў хордавых жывёл.

Працэс утварэння палавых клетак у жывёл уключае шэраг складаных пераўтварэнняў зыходных мацярынскіх клетак-папярэдніц. Разгледзім асаблівасці гэтага працэсу ў млекакормячых.

Мужчынскія палавыя клеткі ўтвараюцца ў мужчынскіх палавых залозах — семянніках. Семяннікі млекакормячых складаюцца з вітых семявых канальцаў. У сценках канальцаў клеткі знаходзяцца на розных стадыях развіцця і фарміруюць зоны — размнажэння, росту, выспявання і фарміравання.

Працэс утварэння мужчынскіх палавых клетак называецца сперматагенезам. Ён пачынаецца ў перыяд палавога выспявання і працягваецца на працягу ўсяго жыцця. Сперматагенез уключае чатыры перыяды: размнажэнне, рост, выспяванне і фарміраванне. Кожны перыяд працякае ў аднайменнай зоне сценкі семявага канальца і характарызуецца спецыфічнымі працэсамі ўтварэння пэўнага тыпу клетак. У перыяд размнажэння мацярынскія дыплоідныя клеткі-папярэдніцы шматразова дзеляцца без стадыі росту паміж дзяленнямі. Утвараецца вялікая колькасць дробных клетак, ідэнтычных мацярынскім. Яны перамяшчаюцца ў зону росту, дзе павялічваюцца ў памерах за кошт назапашвання цытаплазмы. Далей яны перамяшчаюцца ў зону выспявання, дзе перажываюць два паслядоўныя дзяленні з памяншэннем удвая колькасці храмасом. У зоне фарміравання ў кожнай клеткі з’яўляюцца галоўка, шыйка і жгуцік, і яна ператвараецца ў гаплоідны сперматазоід. Такім чынам, з кожнай матчынай дыплоіднай клеткі-папярэдніцы ўтвараецца 4 гаплоідныя сперматазоіды. У мужчын сперматазоіды ўтвараюцца бесперапынна — прыкладна 125 млн штодня — і тэарэтычна ўвесь час здольныя да апладнення.

Развіццё жаночых палавых клетак — яйцаклетак — пачынаецца ў жаночых палавых залозах — яечніках, а выспяванне яйцаклетак адбываецца ў матачнай трубе. Працэс утварэння яйцаклетак называецца аагенезам. Ён уключае тры перыяды — размнажэнне, рост і выспяванне, у ходзе якіх працякаюць працэсы, падобныя да перыядаў утварэння сперматазоідаў. Аднак у перыяд выспявання з чатырох гаплоідных клетак, якія ўтварыліся з клеткі-папярэдніцы, толькі адна буйная клетка становіцца яйцаклеткай, а тры малыя клеткі гінуць. Перыяд фарміравання адсутнічае.

Перыяд размнажэння мацярынскіх дыплоідных клетак-папярэдніц у жанчыны пачынаецца яшчэ ў час унутрычэраўнага развіцця зародка і заканчваецца да моманту нараджэння. Большая іх частка гіне, а тыя, што выжылі,  захоўваюцца доўгія гады без змянення. З наступленнем палавой спеласці асобныя клеткі-папярэдніцы з перыядычнасцю ў 28 дзён уступаюць у перыяды росту і выспявання. У выніку з кожнай дыплоіднай клеткі-папярэдніцы ўтвараецца адна гаплоідная яйцаклетка. Колькасць яйцаклетак, якія ўтвараюцца ў жанчын на працягу жыцця, індывідуальная і вагаецца ў межах 400—500 штук.

Асаблівасць працэсу ўтварэння жаночых палавых клетак у параўнанні з утварэннем сперматазоідаў заключаецца ў тым, што ў жанчын ён спыняецца пасля наступлення менапаўзы (клімаксу), а ў мужчын утварэнне сперматазоідаў працягваецца да канца жыцця. Менапаўза — гэта згасанне гарманальнай функцыі яечнікаў.

*Паўторым галоўнае. Палавы працэс забяспечвае абмен спадчынным матэрыялам паміж асобінамі і стварае ўмовы для ўзнікнення разнастайнасці спадчыннай інфармацыі. Формамі палавога працэсу з’яўляюцца кан’югацыя і капуляцыя (гаметагамія). Пры палавым размнажэнні палавы працэс можа працякаць у форме ізагаміі, анізагаміі або аагаміі ў залежнасці ад будовы і рухомасці гамет. Гаметы ва ўсіх арганізмаў змяшчаюць адзінарны набор храмасом, які называецца гаплоідным і абазначаецца літарай n. У саматычных клетках храмасомы парныя, іх набор называецца дыплоідным і абазначаецца 2n. У млекакормячых мужчынскія палавыя клеткі — сперматазоіды  — утвараюцца ў семянніках. Працэс іх утварэння — сперматагенез — працякае ў семявых канальцах і ўключае перыяды размнажэння, росту, выспявання і фарміравання. У мужчын утварэнне сперматазоідаў працягваецца да канца жыцця. Жаночыя палавыя клеткі — яйцаклеткі — утвараюцца ў яечніках. У працэсе іх утварэння — аагенезе — адсутнічае перыяд фарміравання. У жанчын аагенез спыняецца пасля наступлення менапаўзы (клімаксу).