§ 30. Паняцце палавога размнажэння і палавога працэсу

*Паняцце пра дыплоіднасць і гаплоіднасць

Пры палавым размнажэнні адбываецца змяненне колькасці храмасом у клетках на этапе ўтварэння гамет і на этапе апладнення. Для таго каб добра ўяўляць сутнасць гэтых змяненняў, разгледзім такія паняцці, як «дыплоіднасць» і «гаплоіднасць». Клеткі кожнага арганізма змяшчаюць пэўны набор храмасом, які называецца карыятыпам. Для кожнага віду арганізмаў характэрны свой карыятып. Ён адрозніваецца па колькасці, форме і складзе храмасом ад карыятыпу іншага віду.

Даследаванні карыятыпаў розных арганізмаў паказалі, што ў клетках храмасомы могуць быць парнымі ці няпарнымі, адпаведна набор храмасом можа быць двайным ці адзінарным. Двайны набор храмасом, у якім парныя храмасомы аднолькавыя па велічыні, форме і складзе спадчыннай інфармацыі, называецца  дыплоідным (ад грэч. diplóos  — двайны, éidos  — від) і абазначаецца 2n. Ён характэрны для саматычных клетак (клетак цела) грыбоў, раслін і жывёл. Так, напрыклад, усе саматычныя клеткі чалавека змяшчаюць 23 пары храмасом, г. зн. карыятып складаецца з 46 храмасом. У дразафілы 8 храмасом у карыятыпе ўтвараюць 4 пары. Адзінарны набор храмасом, які складаецца з няпарных храмасом, называецца гаплоідным  (ад. грэч. haplóos — адзіночны, éidos — від) і абазначаецца n.  Напрыклад, у клетках талома і спорах водарасцей набор храмасом гаплоідны. У палавых клетках усіх арганізмаў заўсёды змяшчаецца толькі гаплоідны набор храмасом. У чалавека гаметы змяшчаюць па 23 храмасомы.