*§ 29—1. Паняцце размнажэння. Тыпы размнажэння
Тыпы размнажэння арганізмаў
У залежнасці ад тыпу клетак, якія з’яўляюцца асновай для размнажэння, адрозніваюць два тыпы размнажэння: бясполае і палавое. Іх падабенства заключаецца ў тым, што абодва тыпы прыводзяць да павелічэння колькасці асобін і тым самым спрыяюць захаванню віду. Аднак паміж бясполым і палавым размнажэннем існуюць значныя адрозненні па цэлым шэрагу прымет (гл. табл.).
Табліца. Параўнальная характарыстыка бясполага і палавога тыпаў размнажэння
Бясполае размнажэнне |
Палавое размнажэнне |
Біялагічнай асновай для размнажэння з’яўляецца дзяленне клетак з захаваннем зыходнага двайнога набору храмасом (за выключэннем спораўтварэння ў раслін) |
Біялагічнай асновай размнажэння з’яўляецца дзяленне клетак з утварэннем гамет |
Прымае ўдзел толькі адна асобіна |
Прымаюць удзел, як правіла, дзве асобіны |
Не адбываецца ўтварэння гамет |
Утвараюцца гаметы |
Новая асобіна ўтвараецца з неспецыялізаваных саматычных клетак або са спор |
Новая асобіна, як правіла, утвараецца з зіготы, якая з’яўляецца вынікам зліцця гамет |
Даччыныя арганізмы з’яўляюцца дакладнымі копіямі мацярынскага арганізма (за выключэннем патомства са спор у раслін) |
Даччыныя арганізмы не з’яўляюцца дакладнымі копіямі мацярынскага арганізма |
Дазваляе захаваць чысціню віду |
Стварае разнастайнасць асобін |
Забяспечвае хуткае павелічэнне колькасці асобін, але зніжае іх прыстасаванасць да зменлівых умоў асяроддзя |
Колькасць асобін павялічваецца адносна павольна, але асобіны лепш прыстасоўваюцца да зменлівых умоў асяроддзя |
Калі від размнажаецца толькі бясполым шляхам, то будзе адбывацца хуткае павелічэнне колькасці асобін з захаваннем пастаянства прымет віду (перавага бясполага размнажэння). Аднак захоўванне пастаянства прымет у нашчадкаў у зменлівых умовах асяроддзя зніжае прыстасавальныя магчымасці асобін. Яны становяцца менш канкурэнтаздольнымі ў параўнанні з асобінамі іншых відаў, і іх колькасць паступова будзе скарачацца. Такі від не зможа эвалюцыянаваць, і ў канчатковым выніку ён асуджаны на выміранне (недахоп бясполага размнажэння).
Пры размнажэнні віду толькі палавым шляхам павялічваецца разнастайнасць асобін у межах віду. Новыя прыметы ў нашчадкаў з’яўляюцца ў выніку ўтварэння новых камбінацый храмасом у зігоце пасля апладнення. Яны павялічваюць прыстасавальныя і канкурэнтныя магчымасці асобін. Павялічваецца жыццяздольнасць патомства ў зменлівых умовах асяроддзя, што прыводзіць да росту колькасці. У выніку від здольны эвалюцыянаваць і працягла захоўваць сваё існаванне (перавага палавога размнажэння). У той жа час рост колькасці асобін абмежаваны фізіялагічнымі магчымасцямі бацькоўскіх асобін. Акрамя таго, узнікненне неспрыяльных камбінацый храмасом можа стаць прычынай стэрыльнасці ці нежыццяздольнасці асобных арганізмаў (недахоп палавога размнажэння).