§ 26. Сертыфікацыя харчовых прадуктаў у Беларусі
Дэклараванне адпаведнасці
Адной з форм пацвярджэння высокай якасці і бяспекі прадукцыі з’яўляецца дэклараванне адпаведнасці. Для правядзення гэтай працэдуры вытворца або распаўсюджвальнік павінен звярнуцца ў орган па сертыфікацыі і падаць доказы высокай якасці і бяспекі прадукцыі. У выпадку станоўчага рашэння заяўніку выдаецца дэкларацыя адпаведнасці, якая сведчыць пра адпаведнасць выпускаемай у абарачэнне прадукцыі патрабаванням нарматыўных дакументаў.
У сувязі з уступленнем Рэспублікі Беларусь у Мытны саюз вытворцу неабходна таксама ажыццяўляць пацвярджэнне адпаведнасці якасці выпускаемай прадукцыі Тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза. Напрыклад, знак адпаведнасці Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАС) азначае, што прадукцыя прайшла працэдуру пацвярджэння адпаведнасці ў форме сертыфікацыі або дэкларавання. Маркіроўка наносіцца як на вырабленыя на тэрыторыі Мытнага саюза (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Расійская Федэрацыя), так і на ўвезеныя з-за мяжы тавары. Гэты знак можна сустрэць не толькі на харчовых прадуктах, але і на адзенні, цацках, кнігах, бытавых электрапрыборах і іншых відах прадукцыі.
Для пацвярджэння бяспекі прадукцыі для навакольнага асяроддзя маецца экалагічны знак адпаведнасці.
Экалагічны знак адпаведнасці наносіцца на прадукцыю, якая прайшла працэдуру пацвярджэння адпаведнасці экалагічным крытэрыям усіх неабходных тэхнічных нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Памятайце! Дасведчаныя спажыўцы купляюць толькі тую прадукцыю, на якую нанесены асаблівыя знакі адпаведнасці.
У нашай краіне адзіную дзяржаўную палітыку стандартызацыі праводзіць Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь (Дзяржстандарт). Цэнтральным дзяржаўным навукова-практычным прадпрыемствам Дзяржстандарта з’яўляецца Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС).
25 верасня 2015 г. Рэспубліка Беларусь стала адной з 193 краін — членаў ААН, якія выказалі прыхільнасць да Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. Парадак уключае 17 мэт устойлівага развіцця, 169 задач і 242 індыкатары, якія закліканы вырашыць найбольш вострыя праблемы чалавецтва і палепшыць стан планеты. Устойлівае развіццё — гэта развіццё грамадства, якое задавольвае патрэбнасці цяперашняга пакалення без шкоды для патрэбнасцей будучых пакаленняў. Дзяржстандарт Беларусі з’яўляецца актыўным удзельнікам руху па дасягненні гэтых мэт.
Паўторым галоўнае. У Беларусі ажыццяўляецца строгі кантроль за якасцю харчовай прадукцыі. Для гэтай мэты праводзіцца абавязковая або добраахвотная сертыфікацыя, а таксама дэклараванне. Адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне стандартызацыі праводзіць Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь (Дзяржстандарт).