§ 26. Сертыфікацыя харчовых прадуктаў у Беларусі
Сертыфікацыя харчовай прадукцыі
Для таго каб прадукцыя адпавядала выкладзеным у нарматыўна-прававой дакументацыі стандартам, праводзіцца яе сертыфікацыя. Галоўнай мэтай сертыфікацыі з’яўляецца ахова спажыўцоў ад няякасных прапаноў вытворцаў і распаўсюджвальнікаў. Сертыфікацыя можа быць абавязковай або добраахвотнай. Абавязковай сертыфікацыі патрабуе прадукцыя, якая ўключана Дзяржстандартам Рэспублікі Беларусь у Адзіны пералік прадукцыі, што падлягае абавязковай сертыфікацыі. Гэта ўсе тавары, звязаныя са здароўем чалавека (лекі, медыцынскае абсталяванне), тавары для дзяцей і падлеткаў і інш. Рэалізацыя тавараў, якія ўваходзяць у дадзены пералік, без наяўнасці сертыфіката якасці з’яўляецца незаконнай.
Працэдуру сертыфікацыі ажыццяўляюць органы, акрэдытаваныя ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Перш чым выдаць сертыфікат адпаведнасці, спецыялісты вывучаюць дакументацыю і праводзяць лабараторныя выпрабаванні. Затым аналізуюцца атрыманыя даныя і на аснове патрабаванняў пэўных тэхнічных рэгламентаў, норм і стандартаў прымаецца рашэнне. У выпадку, калі яно станоўчае, вытворцу ці імпарцёру прадукцыі выдаецца сертыфікат адпаведнасці, што сведчыць пра адпаведнасць выпускаемай у абарачэнне прадукцыі патрабаванням нарматыўных дакументаў.
Добраахвотная сертыфікацыя ажыццяўляецца для пацвярджэння высокай якасці прадукцыі, якая не ўключана ў пералік для абавязковай сертыфікацыі. Праводзіцца яна вытворцам або распаўсюджвальнікам тавараў з мэтай прыцягнення пакупнікоў і росту продажаў.
На ўпакоўку прадукцыі, якая прайшла працэдуру сертыфікацыі, ставіцца спецыяльны знак адпаведнасці. У выпадку добраахвотнай сертыфікацыі знак СТБ абводзіцца чорнай лініяй.
Калі прадукт выраблены ў адпаведнасці з патрабаваннямі пэўнага стандарту, яго абазначэнне і нумар наносяць на ўпакоўку прадукту, гэта значыць маркіруюць. Напрыклад, на ўпакоўку зефіру нанесена «СТБ 2361». Гэта значыць, што паказчыкі якасці зефіру адпавядаюць патрабаванням «СТБ 2361. Вырабы кандытарскія пасцільныя. Агульныя тэхнічныя ўмовы».