§ 25. Шляхі забруджвання харчовых прадуктаў і кантроль іх бяспекі

Захворванні, звязаныя з хімічным забруджваннем прадуктаў харчавання

Хімічныя забруджвальнікі ежы могуць выклікаць сур’ёзныя захворванні (гл. табл.).

Табліца. Негатыўны ўплыў хімічных забруджвальнікаў на арганізм чалавека

Забруджвальнікі

Асноўныя захворванні

Злучэнні цяжкіх металаў (кадмій, ртуць, свінец)

Вострыя і хранічныя харчовыя атручэнні, пашкоджанне сардэчна-сасудзістай, мочапалавой і нервовай сістэм

Цэзій-137 

Пашкоджанне печані, захворванні стрававальнай, нервовай, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, анкалагічныя захворванні

Стронцый-90

Лейкемія (рак крыві), анкалогія касцявой тканкі і малочных залоз

Нітраты, нітрыты

Вострыя атручэнні, парушэнні абмену рэчываў, алергія, нервовыя расстройствы, злаякасныя новаўтварэнні

Пестыцыды

Пашкоджанні печані, ЦНС, анкалагічныя захворванні

 

Акрамя забруджвальнікаў, прадукты харчавання могуць змяшчаць хваробатворныя бактэрыі, вірусы, паразітаў. Такія прадукты харчавання выклікаюць больш за 200 захворванняў. З прычыны значнага забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі рэчывамі, якія па харчовых ланцугах трапляюць у ежу чалавека, практычна вельмі складана атрымаць абсалютна чыстыя прадукты. Таму, каб уберагчы чалавека ад шкоднага ўплыву забруджвальнікаў, вызначаны паказчыкі іх бяспечнага ўтрымання ў харчовай прадукцыі.