§ 24. Роля харчовых дабавак у харчовай індустрыі
Асноўныя прычыны шырокага выкарыстання дабавак
Значны рост колькасці насельніцтва Зямлі выклікаў неабходнасць павелічэння аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання. Для паляпшэння іх знешняга выгляду, арганалептычных уласцівасцей (смаку, колеру, паху) і захавання якасці ў харчовай прамысловасці сталі актыўна ўжывацца харчовыя дабаўкі. Іх атрымліваюць з натуральнай сыравіны або сінтэзуюць хімічным шляхам. Асноўныя прычыны шырокага выкарыстання харчовых дабавак наступныя:
1. Дзякуючы харчовым дабаўкам становяцца магчымымі захоўванне і транспарціроўка прадуктаў харчавання (у тым ліку скорапсавальных і тых, якія хутка чарсцвеюць) на вялікія адлегласці.
2. Харчовыя дабаўкі надаюць прадуктам харчавання выдатны знешні выгляд і смакавыя якасці без павышэння кошту.
3. З выкарыстаннем харчовых дабавак з’яўляецца магчымасць стварэння новых відаў прадуктаў харчавання, якія адказваюць сучасным патрабаванням.