§ 20. Асноўныя хімічныя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя
Бытавыя адходы
У працэсе жыццядзейнасці чалавека ўтвараецца вялікая колькасць адходаў. Большасць з іх з’яўляюцца цвёрдымі (ЦБА). Гэта пластык, кардон, поліэтылен, а таксама прадметы з дрэва, металу, шкла, якія выйшлі з ужывання, устарэлыя бытавыя прыборы, харчовыя адходы.
Як вы ўжо ведаеце з курса хіміі 9-га класа, у Рэспубліцы Беларусь штогод назапашваецца каля 3 млн т бытавых адходаў. Гэта складае ў сярэднім 400 кг у год на чалавека.
Пры раскладанні адходаў у выніку жыццядзейнасці розных мікраарганізмаў утвараецца звалачны газ, які змяшчае каля 140 таксічных хімічных злучэнняў. Аснову звалачнага газу складаюць метан (40—75 %) і вуглякіслы газ (25—45 %). Таксама пры гніенні бялковых прадуктаў вылучаецца серавадарод (мае характэрны пах тухлых яек). У складзе бытавых адходаў змяшчаецца шмат пластмасавых вырабаў, тэрмін раскладання якіх у прыродным асяроддзі вылічваецца сотнямі гадоў. Пры гэтым вылучаюцца таксічныя рэчывы, што атручваюць глебу і ваду.
У Беларусі штогод для захавання смецця адчужаецца каля 100 км2 зямель, прыдатных для больш важных патрэб. Смеццеперапрацоўчыя заводы ў нашай краіне працуюць у Мінску, Гродне, Гомелі, Баранавічах, Магілёве, Брэсце. Іх сумарная магутнасць складае каля 500 тыс. т адходаў у год. Але гэтых магутнасцей відавочна недастаткова, бо толькі жыхары сталіцы адпраўляюць на звалку ў сярэднім каля 1,1 млн т адходаў.
Сёння кожны чалавек павінен разумець, што смецце — гэта выкарыстаныя рэсурсы планеты, якія ўвесь час вычэрпваюцца. Таму адходы пластмас, паперы, шкла, старую бытавую тэхніку, батарэйкі неабходна збіраць асобна ў кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. Тады яны ператворацца ў карысныя другасныя рэсурсы і перастануць быць небяспечнымі для прыроды і чалавека. Напрыклад, пластыкавыя бутэлькі ператворацца ў сыравіну для новых пластыкавых вырабаў, шклабой будзе выкарыстоўвацца ў будаўніцтве, а прасаваныя смеццевыя пакеты «перародзяцца» ў тратуарную плітку.
Лідарам па перапрацоўцы смецця ў Еўропе з’яўляецца Германія. На аднаго сярэднестатыстычнага жыхара гэтай краіны прыпадае 618 кг смецця ў год. Грамадзяне Германіі абавязаны падзяляць смецце на макулатуру, шкло, арганічныя адходы (біямасу), металы і пластмасы. Акрамя таго, шкло, якое ідзе на ўтылізацыю, сартуецца жыхарамі па колерах. У краіне перапрацоўваецца або ўтылізуецца 64 % усіх адходаў. Цікава, што за перапрацоўку (рэцыклінг) пластыкавых і шкляных упаковак адказныя іх вытворцы. Сродкі на гэта закладзены ў кошт прадуктаў. У Германіі штогод перапрацоўваецца сыравіна на суму 500 млрд еўра. Пры спальванні смецця вылучаецца энергія, якую ўжываюць для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Паводле статыстыкі, 14 % сыравіны нямецкая прамысловасць атрымлівае менавіта з адходаў.
Паўторым галоўнае. Небяспечнымі хімічнымі забруджвальнікамі для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека з’яўляюцца суспензаваныя часціцы, аксіды азоту і вугляроду, цяжкія металы, радыенукліды.
Адна з сур’ёзных экалагічных праблем — забруджванне тэрыторыі Беларусі бытавымі адходамі, для захавання якіх штогод адчужаецца каля 100 км2 зямель. Асноўная колькасць «чарнобыльскіх» радыенуклідаў засяроджана на ахоўнай тэрыторыі ПДРЭЗ.