§ 20. Асноўныя хімічныя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя
Узважаныя часціцы
Небяспечнымі забруджвальнікамі навакольнага асяроддзя з’яўляюцца часціцы, якія з прычыны малых памераў (ад 0,0001 да 0,1 мм) атрымалі назву ўзважаных. Яны ўяўляюць сабой сумесь пылу, попелу, сажы, дыму, сульфатаў, нітратаў і іншых хімічных злучэнняў. Знаходзячыся ва ўзважаным стане ў паветры, гэтыя часціцы трапляюць у дыхальныя шляхі і могуць стаць прычынай развіцця хвароб лёгкіх, анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Так, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), кожная восьмая смерць на планеце звязана з забруджваннем паветра.
У залежнасці ад галіны прамысловасці 40—45 % узважаных часціц прыпадае на пыл, які змяшчае аксід крэмнію, 30 % складае драўняны пыл, 10—12 % — пыл цэментавай вытворчасці, на долю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію, кадмію прыпадае каля 13 %.