§ 18. Ядавітыя жывёлы

Ядавітыя жывёлы Беларусі

Найбольш часта сустракаемыя ў Беларусі ядавітыя жывёлы паказаны ў табліцы.

Табліца. Ядавітыя жывёлы Беларусі

Жывёлы

Уздзеянне на арганізм чалавека

Сляпень бычыны
(Tabanus bovinus)

 

Таксічныя рэчывы сліны прыводзяць да пачырванення і балючага ацёку скуры. Пасля ўкусу раны доўга краваточаць і не загойваюцца. З’яў­ляецца пераносчыкам шэрага за­хворванняў, напрыклад сібірскай язвы

Пчала меданосная
(Apis mellifera)

  

Калі ўкус будзе нанесены ў вобласць языка, глоткі або паднябення, ацёк, што пры гэтым узнікне, можа заблакіраваць паступленне паветра і прывесці да асфіксіі (удушша). Шматлікія ўкусы і алергія да яду пчол могуць прывесці да лятальнага канца

Аса звычайная
(Vespula vulgaris)

Аса можа джаліць шматразова пры сур’ёзнай пагрозе, напрыклад калі чалавек спрабуе разбурыць гняздо. Укус балючы, выклікае пачырваненне, ацёк, пякоту і сверб. Асабліва небяспечныя ўкусы для чалавека з алергіяй

Чмель палявы  
(Bombus pascuorum)

Укус вельмі балючы, выклікае раз­дражненне і сверб, ацёк і млоснасць, парушэнне сардэчнага рытму, пры мностве ўкусаў магчымы лятальны канец. Укус у вобласць рота або шыі можа выклікаць удушша з прычыны ацёку гартані і спазмы дыхальных шляхоў

Шэршань звычайны 
(Vespa crabro)

 

Укус надзвычай балючы і выклікае ацёк, запаленне, млоснасць, галавакружэнне і алергічныя рэакцыі, якія часам пры­водзяць да лятальнага канца

Жук нарыўнік 
(Семейство
Meloidae)

 

Укус пакідае на целе нарывы і пухіры. Робіць негатыўнае ўздзеянне на работу мочавыводзячых шляхоў і нырак. Асабліва небяспечна пападанне яду ў кроў. Засцерагчы сябе можна, толькі выключыўшы кантакт з нарыўнікамі

Гадзюка звычайная 
(
Vipera berus)

 

Укус суправаджаецца болем у месцы пашкоджання, слабасцю, млоснасцю, галавакружэннем. Магчыма парушэнне сардэчнай дзейнасці і развіццё нырачнай недастатковасці

 

!  Гэта цікава

Паводле разлікаў вучоных, 1 г сухога яду кобры можа прывесці да гібелі 167 чалавек, масай 60 кг кожны. Адной і той жа колькасці яду грымучай змяі дастаткова для смяротнага атручэння 24 сабак або 300 000 галубоў. Свіння, напрыклад, неадчувальная да ўкусаў грымучай змяі, а вожык — да яду гадзюкі. Неўспрымальныя да яду некаторыя птушкі (буслы, вароны), якія ядуць ядавітых змей, куры, што здзёўбваюць ядавітых павукоў каракуртаў.