§ 16. Ядавітыя грыбы

Ядавітыя грыбы Беларусі

У нашай краіне сустракаюцца каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Пры ўжыванні іх у ежу першыя сімптомы атручэння могуць узнікнуць як праз некалькі мінут, так і праз некалькі гадзін. Да агульных сімптомаў атручэння грыбамі незалежна ад іх віду належаць: болі ў жываце, дыярэя, павышаная патлівасць і слінавыдзяленне, млоснасць, ваніты, недамаганне і зблытанасць свядомасці, задышка, часта рэзкае зніжэнне ціску.

Працягласць інкубацыйнага (скрытага) перыяду атручэння залежыць ад віду і колькасці ўжытых у ежу ядавітых грыбоў, а таксама ад узросту і масы цела чалавека. Напрыклад, пры атручэнні белай паганкай скрыты перыяд можа доўжыцца да 6—7 гадзін.

Сімптомы атручэння ядавітымі грыбамі, якія найбольш часта сустракаюцца ў Беларусі, пералічаны ў табліцы.

Табліца. Ядавітыя грыбы Беларусі

Грыб

Адрозныя прыметы

Сімптомы атручэння

Паганка белая
(Amanita phalloides)

Наяўнасць клубнепадобнага патаўшчэння каля асновы ножкі

Пападанне ў ежу нават невялікага кавалачка грыба можа прывесці да лятальнага канца. Назіраюцца моцныя ваніты і дыярэя з крывёй, сутаргі, парушэнне функцыі нырак і печані 

Свінушка тонкая
(Paxillas involutus)

Пласцінкі мяккія, разгалінаваныя, жоўта-вохрыстыя. З выгляду крыху падобны да чорнага грузда

Непастаянныя болі ў жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя, болі ў паясніцы, алергічныя рэакцыі

Мухамор чырвоны
(Amanita muscaria)

Ножка белая з кольцам каля асновы, шапачка ярка-чырвоная, бліскучая, усеяная белымі бародаўчатымі камякамі

Слёзацячэнне, павышанае слінавыдзяленне, звужэнне зрэнак, павышаная патлівасць, трызненне і галюцынацыі, кома

Страчок звычайны (Guromitza esculenta)

Шапачка маршчыністая, карычневага або цёмна-карычневага колеру

Мача набывае чырвоны колер, парушэнне работы селязёнкі і нырак, у цяжкіх выпадках можа развіцца кома

Радоўка сернаоўтая
(Tricholoma sulphureum)

Шапачка і ножка жоўтыя або зялёна-жоўтыя, мае непрыемны серавадародны пах

Болі ў вобласці жывата, галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць, ваніты, пашкоджанне нервовай сістэмы