§ 14. Адаптацыя чалавека да змянення тэмпературных умоў
Уплыў на арганізм чалавека тэмпературных ваганняў
Сярод мноства абіятычных фактараў, якія ўплываюць на чалавека, значную ролю адыгрывае тэмпература. На чалавека робіць уздзеянне не толькі фактычная тэмпература паветра, але і яе сярэднясутачная зменлівасць. Так, змяненне сярэднясутачнай тэмпературы паветра на 1—2 °С лічыцца слабым, на 3—4 °С — умераным, больш чым на 4 °С — рэзкім.
Пры працяглым і моцным уздзеянні нізкіх тэмператур змяняецца абмен рэчываў, звужаюцца сасуды пальцаў рук і ног, скуры твару, адбываецца мясцовае і агульнае ахаладжэнне арганізма (магчыма нават абмаражэнне), змяншаецца працаздольнасць чалавека, узнікаюць прастудныя захворванні.
Пры ўздзеянні на арганізм высокай тэмпературы паніжаецца крывяны ціск, змяняецца хімічны састаў крыві, парушаецца водна-салявы абмен арганізма, магчымы цеплавы ўдар. Высокая тэмпература паветра таксама неспрыяльна ўздзейнічае на функцыі органаў стрававання і выклікае ў чалавека хуткую стамляльнасць.
Успрыманне тэмпературы індывідуальна і звязана з фізіялагічнымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі чалавека.
Ад якіх фактараў залежыць успрыманне тэмпературы? Вызначана, што вецер і вільготнасць могуць узмацняць адчуванне тэмпературы. Пры моцным ветры халодныя дні здаюцца яшчэ халаднейшымі. Пры павышанай вільготнасці паветра нізкая тэмпература здаецца яшчэ больш нізкай, а пры паніжанай вільготнасці — наадварот.
Улічваючы вялікі ўплыў тэмпературы на самаадчуванне чалавека, разгледзім яго адаптацыю да гэтага найважнейшага абіятычнага фактару.