§ 11. Наземна-паветранае асяроддзе жыцця. Адаптацыі арганізмаў да жыцця ў наземна-паветраным асяроддзі

Адаптацыі жывёл да жыцця ў наземна-паветраным асяроддзі

Жыццё жывёл у завіслым стане ў паветры немагчыма з прычыны яго нізкай шчыльнасці. Але шмат якія з відаў (насякомыя, птушкі) прыстасаваліся да актыўнага палёту і працяглага знаходжання ў паветры. Перамяшчэнне паветраных мас у гарызантальным і вертыкальным напрамках выкарыстоўваецца некаторымі дробнымі арганізмамі для пасіўнага перамяшчэння. Такім спосабам рассяляюцца пратысты, павукі, насякомыя. Нізкая шчыльнасць паветра стала прычынай удасканалення ў жывёл у працэсе эвалюцыі вонкавага (членістаногія) і ўнутранага (пазваночныя) шкілетаў. Па гэтай жа прычыне існуюць гранічныя масы і памеры цела наземных жывёл. Самая буйная жывёла сушы з тых, што існуюць зараз, — слон (маса да 5 т) — значна меншая за марскога гіганта — сіняга кіта (да 150 т). Толькі дзякуючы з’яўленню розных тыпаў канечнасцей млекакормячыя змаглі засяліць разнастайныя па характары рэльефу ўчасткі сушы.

У жывёл, якія жывуць у засушлівых рэгіёнах, з’явіліся прыстасаванні да здабывання і ўтрымання ў целе вады. Так, чарапаха слановая запасіць ваду ў мачавым пузыры; шмат якія насякомыя, грызуны і іншыя жывёлы атрымліваюць ваду з ежай; некаторыя млекакормячыя пазбягаюць дэфіцыту вільгаці шляхам адкладу тлушчу, пры акісленні якога ўтвараецца метабалічная вада. За кошт метабалічнай вады жывуць шмат якія насякомыя, што кормяцца сухім кормам, вярблюды, курдзючныя авечкі, тлустахвостыя тушканчыкі.

!  Гэта цікава

Пустынная аўстралійская жаба ў перыяд дажджоў запасіць у вялікіх падскурных «мяшках» і поласцях цела так шмат вады, што раздзімаецца і нагадвае гузаваты тэнісны мяч. Пасля гэтага яна хаваецца пад зямлю. Там, на глыбіні 30—35 см, жаба выдзяляе спецыяльную слізь, якая дадаткова ахоўвае жывёлу ад страты вільгаці. Дзякуючы такім прыстасаванням жаба можа вытрымаць засуху цэлы год і нават больш. З даўніх часоў, ведаючы гэтыя асаблівасці мясцовых земнаводных, абарыгены Аўстраліі адшукваюць іх у пустыні, каб прагнаць смагу.

Такім чынам, для жыцця ў наземна-паветраным асяроддзі ў жывёл маюцца прыстасаванні: 1) крылы для палёту або канечнасці для перамяшчэння па сушы; 2) вонкавае покрыва для аховы ад нізкіх ці высокіх тэмператур; 3) вонкавы або ўнутраны шкілет для падтрымання цела ў паветранай прасторы; 4) прыстасаванні для здабывання і ўтрымання ў целе вады. 

Паўторым галоўнае. У наземна-паветраным асяроддзі паветра мае нізкую шчыльнасць і ціск, высокую празрыстасць і ўтрыманне кіслароду. Вільготнасць у асяроддзі з’яўляецца асноўным лімітуючым фактарам і залежыць ад кліматычнага пояса. У раслін і жывёл да жыцця ў наземна-паветраным асяроддзі выпрацаваліся разнастайныя адаптацыі. У раслін з’явіліся механічныя, покрыўныя і праводзячыя тканкі, сфарміраваліся органы. Наяўнасць ветру прывяла да развіцця ў іх прыстасаванняў для апылення, распаўсюджвання спор, насення і пладоў. У жывёл для перамяшчэння ў паветры сфарміраваліся крылы — прыстасаванні да палёту, а для перамяшчэння па сушы — розныя тыпы канечнасцей. Нізкая шчыльнасць паветра стала прычынай далейшага развіцця вонкавага і ўнутранага шкілетаў. Зменлівасць умоў асяроддзя прывяла да фарміравання ў жывёл ахоўнага покрыва цела.