§ 9. Паняцце пра асяроддзе жыцця. Воднае асяроддзе жыцця

Воднае асяроддзе

Воднае асяроддзе займае прыблізна 71 % паверхні зямнога шара. Вада як асноўны кампанент воднага асяроддзя мае шэраг спецыфічных уласцівасцей: вялікая шчыльнасць, павелічэнне ціску з глыбінёй, высокая ўдзельная цеплаёмістасць, моцнае паглынанне сонечных прамянёў, адносна малое ўтрыманне кіслароду. Асобныя вадаёмы адрозніваюцца па салявым рэжыме, наяўнасці плыней і іншых параметрах.

Усе расліны воднага асяроддзя называюцца гідрафітамі (ад грэч. hýdōr — вада,  phýtōn — расліна). Жывёльныя арганізмы, якія жывуць у водным асяроддзі, называюцца гідрабіёнтамі (ад грэч. hýdōr — вада, bíos — жыццё).