§ 8. Прыстасаванні жывых арганізмаў да сезонных рытмаў умоў асяроддзя пражывання

*Прыстасаванні раслін да сезонных рытмаў умоў асяроддзя пражывання

У раслін працэсы росту і развіцця вызначаюцца сезоннымі асаблівасцямі кліматычных фактараў. Вясной пад іх уплывам у раслін актывуюцца фізіялагічныя працэсы, якія прыводзяць да росту і развіцця, летам — да размнажэння, восенню — да лістападу. У пакрытанасенных вясной адбываецца цвіценне, а летам — плоданашэнне. Асноўным прыстасаваннем раслін да зімовых умоў з’яўляецца іх пераход у стан спакою, які характарызуецца спыненнем росту і запаволеннем біялагічных працэсаў. У некаторых раслін да наступлення халадоў фарміруюцца падземныя перайначаныя парасткі, якія змяшчаюць запас пажыўных рэчываў і здольныя пераносіць неспрыяльны перыяд года. Напрыклад, у нарцыса, цюльпана, лілеі ўтвараюцца цыбуліны; у бульбы, тапінамбуру — клубні. З наступленнем спрыяльных умоў яны забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне.

Даўжыня светлавога дня, якая змяняецца на працягу года, як гадзіннік, паказвае раслінам лепшы час для пераходу да вегетацыі, размнажэння ці для падрыхтоўкі да неспрыяльнага сезону. Важны таксама характар змянення даўжыні светлавога дня (укарочваецца ці падаўжаецца). Напрыклад, у шэрага шматгадовых злакаў пераход да цвіцення стымулюецца падаўжэннем светлавога дня вясной, у іншых відаў раслін, наадварот, для гэтага патрабуецца яго пакарочванне. Як вы ўжо ведаеце з § 5, наземныя расліны па тыпе фотаперыядычнай рэакцыі падзяляюцца на караткадзённыя, даўгадзённыя і нейтральныя да даўжыні светлавога дня.

У залежнасці ад сезону лімітуючае дзеянне на расліны могуць мець розныя кліматычныя фактары — святло, тэмпература, вільготнасць. Прыстасаванні да іх недахопу ці лішку ў асяроддзі пражывання разглядаліся ў § 5—7.