*§ 7—1. Адаптацыі жывёл да рознага воднага рэжыму асяроддзя
Адаптацыі жывёл да рознага воднага рэжыму
Наземныя жывёлы для папаўнення страт вады з прычыны выдзялення і выпарэння маюць патрэбу ў яе спажыванні. Спосабы рэгуляцыі воднага балансу ў жывёл больш разнастайныя, чым у раслін. У залежнасці ад воднага рэжыму асяроддзя ў іх выпрацаваліся розныя тыпы адаптацый: фізіялагічныя, марфалагічныя і паводзінскія.
Фізіялагічныя адаптацыі — гэта асаблівасці працэсаў жыццядзейнасці, якія дапамагаюць захоўваць вільгаць у арганізме і папаўняць яе дэфіцыт. Да іх належаць: эканомія вады пры вылучэнні прадуктаў метабалізму, утварэнне метабалічнай вады, вынослівасць у адносінах да абязводжвання, потавыдзяленне, выдаленне вады са слізістых абалонак.
Вынослівасць да абязводжвання, як правіла, вышэйшая ў жывёл, якія адчуваюць на сабе цеплавыя перагрузкі. Для чалавека страта вады, якая перавышае 10 % масы цела, смяротная. Сабакі пераносяць страты вады да 17 %, авечкі — да 23 %, вярблюды — да 27 %.
Эканомія вады ў стрававальным тракце дасягаецца дзякуючы ўсмоктванню як мага большай колькасці вады ў стрававальнай і выдзяляльнай сістэмах (у залежнасці ад умоў асяроддзя) і выпрацоўванню сухіх экскрэментаў. У насякомых, якія жывуць у засушлівых раёнах, выдзяляльныя органы — мальпігіевы сасуды — свабоднымі канцамі ўваходзяць у сценку задняй кішкі і ўсмоктваюць ваду з яе змесціва. Такім чынам, вада зноў вяртаецца ў арганізм (пустынныя жукі чарнацелкі, мурашыныя львы, лічынкі божых каровак). Паўзуны і птушкі эканомяць ваду пры вылучэнні мачы і кала. Ёсць жывёлы, больш спецыялізаваныя да жыцця ў гэтых умовах. Напрыклад, слановая чарапаха запасіць ваду ў мачавым пузыры.
У жывёл ва ўмовах недахопу вільгаці вялікае значэнне мае выкарыстанне метабалічнай (эндагеннай) вады, якая ўтвараецца ў выніку акіслення тлушчаў і некаторых іншых рэчываў. Тлушч адкладаецца ў жывёл у спецыяльна прызначаных месцах: у вярблюда — у гарбах; у авечак — у курдзюку; шмат у якіх грызуноў — пад скурай; у тушканчыкаў, пясчанак, лемураў мышыных — у аснове хваста; у варана — у хвасце; у насякомых — у тлушчавай тканцы. Запасы тлушчу часам значныя — у вярблюда да 110—120 кг.
Выпарэнне вады (потавыдзяленне праз потавыя залозы ці праз слізістую абалонку), звязанае з тэрмарэгуляцыяй, таксама забяспечвае рэгуляванне воднага абмену, але можа быць прычынай вычарпання водных рэсурсаў арганізма.
Пры абязводжванні ў жывёл з’яўляецца пачуццё смагі, і яны п’юць ваду, а таксама паглынаюць яе скурным покрывам. Дробныя жывёлы пустынь (грызуны, паўзуны, членістаногія) здабываюць ваду, ядучы расліны з сакавітымі парасткамі. Такім чынам, у арганізм жывёл паступае пітная вада і вада корму. У складзе корму яе ўтрыманне вар’іруецца ад 10 да 95 %. Пітная вада і вада, якая вызваляецца пры расшчапленні корму, называецца экзагеннай вадой. Экзагенная вада ўсмоктваецца ў кішэчніку, паступае ў крывяное рэчышча і ўключаецца ў працэсы абмену рэчываў.
Да марфалагічных адаптацый належаць прыстасаванні, якія затрымліваюць ваду ў целе жывёл. Насякомыя і павукападобныя маюць шматслойную хіцінізаваную кутыкулу, паўзуны — рагавое покрыва цела (рагавую луску і рагавыя пласцінкі). У наземных малюскаў маюцца ракавіны, цела птушак пакрыта пер’ем, а млекакормячых — шэрсцю.
Ступень развіцця хіцінізаванай кутыкулы ў членістаногіх залежыць ад рэжыму вільготнасці месцапражыванняў і вызначае іх здольнасць супрацьстаяць высушванню. Лічынкі, якія жывуць у вадзе, глебе, драўніне і іншых вільготных субстратах, як правіла, цалкам ці часткова пазбаўлены хіцінізаванай кутыкулы.
Паводзінскія адаптацыі заключаюцца ў тым, што большасць жывёл актыўныя ў пошуках вады. Да ліку паводзінскіх прыстасаванняў належаць: пошукі вадапояў, рыццё нор і закопванне ў грунт, выбар спрыяльных месцаў рассялення. У норах вільготнасць паветра набліжаецца да 100 %, нават калі на паверхні вельмі суха. Гэта зніжае неабходнасць выпарэння праз покрыва і эканоміць вільгаць у арганізме.
У эфектыўнасці паводзінскіх прыстасаванняў для забеспячэння воднага балансу можна пераканацца на прыкладзе пустынных макрыц. Макрыцы — тыповыя ракападобныя, якія не адрозніваюцца асаблівымі анатома-марфалагічнымі прыстасаваннямі да наземнага ладу жыцця. Тым не менш прадстаўнікі роду Hemilepistus асвоілі самыя сухія і гарачыя месцы на Зямлі — гліністыя пустыні. Яны рыюць глыбокія вертыкальныя норкі, дзе заўсёды вільготна, і пакідаюць іх, выходзячы на паверхню, толькі ў той час сутак, калі высокая вільготнасць прыземнага пласта паветра. Калі глеба высушваецца асабліва моцна і ўзнікае пагроза зніжэння вільготнасці паветра ў норцы, самкі закрываюць адтуліну моцна склератызаванымі пярэднімі сегментамі цела, ствараючы замкнутую, насычаную парамі вады прастору і засцерагаючы малявак ад высыхання.
Рухомасць і вынослівасць дазваляюць жывёлам мігрыраваць на вялікія адлегласці ў пошуках вады. Так паводзяць сябе жыхары афрыканскіх саваннаў — сланы, антылопы, зебры, жырафы. Больш звычныя для нашага кантынента вярблюды, куланы, сайгакі таксама здзяйсняюць вялікія пераходы ў пошуках вады: яны перыядычна наведваюць месцы вадапою. Парой гэтым жывёлам на сухі перыяд даводзіцца мігрыраваць у раёны з большай вільготнасцю. Некаторыя з іх у сухі перыяд пераходзяць на начны лад жыцця ці ўпадаюць у летнюю спячку (суслікі, суркі, чарапахі).
Паўторым галоўнае. Жывёлы, якія жывуць у вадзе, не адчуваюць у ёй недахопу. Для пераважнай большасці наземных жывёл спажыванне дастатковай колькасці вады з’яўляецца праблемай. Яны могуць атрымліваць ваду праз пітво, разам з сакавітай ежай і ў выніку метабалізму. Страты вады ў жывёл адбываюцца праз выпарэнне покрывам ці са слізістых абалонак дыхальных шляхоў, шляхам вывядзення з цела мачы і неператраўленых рэшткаў ежы. Паводле патрэбнасці да воднага рэжыму месцапражыванняў наземныя жывёлы падзяляюцца на тры экалагічныя групы: гіграфілы, мезафілы і ксерафілы. У кожнай групы да пэўнага водазабеспячэння асяроддзя выпрацаваліся розныя тыпы адаптацый: фізіялагічныя, марфалагічныя і паводзінскія.