*§ 6—2. Адаптацыі жывёл да розных тэмпературных умоў асяроддзя
Экалагічныя групы жывёл у адносінах да тэмпературнага рэжыму асяроддзя пражывання
Для большасці жывых арганізмаў крайнія значэнні тэмпературнай адаптацыі складаюць ад 0 да +50 °C: як правіла, пры 0 °C вада, што ўваходзіць у склад клетак, замярзае, а пры тэмпературах вышэй за +50 °C пачынаецца працэс разбурэння бялковых малекул, які завяршаецца гібеллю клетак. Акрамя дзялення жывёл на пайкілатэрмных і гамаятэрмных у залежнасці ад іх здольнасці рэгуляваць тэмпературу цела, існуе класіфікацыя жывёл паводле іх патрэбнасці да колькасці цяпла ў асяроддзі пражывання. У адносінах да тэмпературнага рэжыму асяроддзя пражывання вылучаюць тры экалагічныя групы жывёл: крыафілы, тэрмафілы і мезафілы.
Крыафілы, або холадалюбівыя жывёлы, жывуць у палярных зонах. Іх арганізм здольны функцыянаваць пры даволі нізкіх тэмпературах паветра і вады, але не выносіць высокіх тэмператур. Гэтыя жывёлы захоўваюць актыўнасць нават тады, калі іх тканкавыя вадкасці пераахалоджваюцца. Паніжэнне тэмпературы клетак арганізма да –10 °C ніяк не адбіваецца на стане жывёл. У гэту групу ўваходзяць чэрві, малюскі, членістаногія, некаторыя рыбы і млекакормячыя. Напрыклад, такія жыхары поўначы, як пясец, заяц бяляк, курапатка тундравая, актыўныя нават у самыя моцныя маразы, калі розніца тэмпературы паветра і цела складае больш за 70 °C.
Тэрмафілы — гэта цеплалюбівыя жывёлы, у якіх арганізм прыстасаваны да жыцця ў гарачых умовах. Да іх належаць павукі, некаторыя віды каралаў, насякомых, рыб, паўзуноў і млекакормячых. Напрыклад, у гарачых мінеральных крыніцах Паўднёвай Каліфорніі жыве рыбка цыпрынадон плямісты. Яна жыве ў водах з тэмпературай каля +50 °C. Максімальная актыўнасць у конікаў, якія жывуць у пустыні Палесціны, назіраецца пры 40-градуснай спякоце. А некаторыя арганізмы-тэрмафілы наогул не могуць існаваць пры тэмпературах, ніжэйшых за пэўны дыяпазон, напрыклад пэўныя віды каралаў жывуюць толькі там, дзе тэмпература вады не апускаецца ніжэй за +20 °C.
Мезафілы — арганізмы, якія нармальна існуюць і размнажаюцца пры сярэдніх тэмпературах. Яны жывуць ва ўмеранай зоне пры тэмпературах 20—40 °C. Да мезафілаў належыць большасць птушак і млекакормячых сярэдніх шырот.