*§ 6—1. Адаптацыі раслін да розных тэмпературных умоў асяроддзя

Тыпы адаптацый раслін да розных тэмпературных умоў асяроддзя

Рэзкія ваганні тэмпературы — моцныя маразы ці гарачае надвор’е — неспрыяльныя для раслін, бо яны належаць да пайкілатэрмных арганізмаў. Таму ў іх існуе шэраг прыстасаванняў для барацьбы з холадам ці перагрэвам. Усе адаптацыі раслін да тэмпературных умоў асяроддзя па характары можна падзяліць на тры тыпы: біяхімічныя, фізіялагічныя і марфалагічныя.

Да біяхімічных адаптацый належаць змяненні хімічнага складу цытаплазмы ці клетачнага соку ў экстрэмальных тэмпературных умовах. Пры высокай тэмпературы ў цытаплазме клетак цеплалюбівых раслін павялічваецца ўтрыманне ахоўных рэчываў (арганічных кіслот, солей, слізі). Яны перашкаджаюць парушэнню цытаплазмы і абясшкоджваюць таксічныя рэчывы, якія ўтвараюцца пад дзеяннем высокай тэмпературы.

У холадаўстойлівых раслін пры нізкіх тэмпературах адбываецца запасанне вугляводаў (галоўным чынам глюкозы) у клетачным соку, што зніжае тэмпературу замярзання вады.

Фізіялагічныя адаптацыі заключаюцца ў змяненні працэсаў жыццядзейнасці і працягласці жыццёвых цыклаў у залежнасці ад тэмпературнага рэжыму асяроддзя. Эфектыўнай аховай раслін ад перагрэву служыць узмоцненая транспірацыя (выпарэнне вады пры адсутнасці дэфіцыту) дзякуючы вялікай колькасці вусцейкаў у лістах.

У раслін пустынь і стэпаў кароткі цыкл развіцця дазваляе пазбягаць дзеяння высокіх тэмператур. Уся вегетацыя адбываецца ранняй вясной, а летнюю спёку яны перажываюць у стане насення ці падземных парасткаў. Экалагічную групу травяністых аднагадовых раслін з вельмі кароткім вегетацыйным перыядам называюць эфемерамі (вяснянка). Існуюць таксама падобныя да эфемераў шматгадовыя расліны — эфемероіды, у якіх адмірае толькі надземная частка (цюльпан, пралескі). А пры наступленні спрыяльных умоў іх жыццё аднаўляецца за кошт пажыўных рэчываў, назапашаных у падземнай частцы.

Крайняй мерай у барацьбе з холадам ці спёкай з’яўляецца пераход раслін у стан анабіёзу (абарачальнае прыпыненне жыццёвых працэсаў) з прычыны абязводжвання. Напрыклад, імхі і лішайнікі могуць працяглы час знаходзіцца ў такім стане.

Да марфалагічных адаптацый належаць асаблівасці будовы тканак і органаў, а таксама разнастайнасць жыццёвых форм пры жыцці ў розных тэмпературных умовах. Дзеянне высокіх тэмператур на расліны субтрапічнага і трапічнага паясоў зніжаецца за кошт узмацнення адбіцця сонечных прамянёў і памяншэння святлопаглынальнай паверхні. Павышэнню адбіцця сонечнага святла спрыяе светлая афарбоўка лістоў, іх бліскучая ці апушаная паверхня. Памяншэнне паглынання святла дасягаецца дзякуючы відазмяненню ліставых пласцінак. Гэта могуць быць калючкі (кактусы), памяншэнне памеру (саксаул), рассечанасць (пальмы), скручванне (кавыль) лістоў. Процідзейнічае перагрэву раслін вертыкальнае ў адносінах да сонечных прамянёў размяшчэнне лістоў. Можа адбывацца змяненне вугла іх нахілу паваротам ліставай пласцінкі.

Адаптацыі ў раслін халоднага клімату выяўляюцца ў выглядзе фарміравання карлікавых (бярозы, вербы), сцелістых (сланік кедравы, ядловец туркестанскі) і падушкападобных (высакагорныя і арктычныя расліны-падушкі) жыццёвых форм. Такія расліны менш схільныя да ўздзеяння ветру, лепш накрыты снегам зімой, паўней выкарыстоўваюць цяпло глебы летам.

Ёсць марфалагічныя адаптацыі, якія ахоўваюць расліны як ад высокіх, так і ад нізкіх тэмператур. Імі з’яўляюцца: развіццё магутнай коркі (вонкавай часткі кары) у дрэў, перыдэрмы ў маладых парасткаў, ахоўнай лускі ў почак, трывалай лупіны ў насення.

Паўторым галоўнае. Паводле патрэбнасці да колькасці цяпла расліны падзяляюць на тры экалагічныя групы: цеплалюбівыя; тыя, якія патрабуюць умераных тэмператур; холадаўстойлівыя. Да розных тэмпературных умоў асяроддзя ў раслін выпрацаваліся розныя біяхімічныя, фізіялагічныя і марфалагічныя адаптацыі.