§ 26. Развіццё беларускай савецкай культуры ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.
10. Алімпійскія дасягненні беларускіх савецкіх спартсменаў
Беларускія спартсмены неаднаразова праслаўлялі савецкі спорт. Трохразовым алімпійскім чэмпіёнам па вольнай барацьбе (1964, 1968, 1972) стаў Аляксандр Мядзведзь. Ён быў прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя. Гімнастка Вольга Корбут заваявала чатыры залатыя алімпійскія медалі, тры з іх — на Алімпійскіх гульнях 1972 г. у Мюнхене. У гэтым жа годзе яна была прызнана лепшай спартсменкай свету. У гісторыю спорту яна ўвайшла дзякуючы выкананню на брусах унікальнага элемента, пазней названага «пятлёй Корбут». Славу беларускаму спорту прынеслі алімпійскія чэмпіёны Рамуальд Клім (кіданне молата), Святлана Багінская (спартыўная гімнастыка), Леанід Тараненка (цяжкая атлетыка), Уладзімір Парфяновіч (веславанне на байдарках і каноэ).