Печатать книгуПечатать книгу

§ 26. Развіццё беларускай савецкай культуры ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.

1. Якімі былі асноўныя дасягненні культуры Савецкай Беларусі ў 1920—1930-я гг.?

2. У чым заключаўся асноўны змест метаду сацыялістычнага рэалізму?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 26. Развіццё беларускай савецкай культуры ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 05:47

1. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі

Вялікая Айчынная вайна і нацысцкая акупацыя нанеслі велізарны ўрон матэрыяльнай і духоўнай культуры БССР. Гітлераўцы знішчылі або вывезлі ў Германію значную частку культурнай спадчыны беларускага народа. Былі часткова або цалкам разбураныя музеі, бібліятэкі, тэатры, навуковыя і адукацыйныя ўстановы. Аднак па меры вызвалення тэрыторыі Беларусі ад акупантаў духоўнае жыццё рэспублікі адраджалася.

Вядучымі тэмамі ў літаратуры і мастацтве сталі Вялікая Айчынная вайна і пасляваеннае аднаўленне, сацыялістычнае будаўніцтва і працоўныя подзвігі ў мірны час.

На развіцці культуры не маглі не адбіцца і ідэалагічныя кампаніі, якія праводзіліся ў СССР. У канцы 1940 — х-пачатку 1950-х гг. ішла барацьба з фармалізмам і касмапалітызмам. У 1960-я гг. вялася кампанія па звужэнні сферы ўжывання беларускай мовы. У 1970 — я-сярэдзіне 1980-х гг. актывізавалася барацьба з дысідэнцтвам і іншадумствам.

2. Стан адукацыі

Да канца 1950-х гг. у БССР была адноўлена даваенная сетка агульнаадукацыйных школ. Колькасць вучняў у іх была значна меншай, што было звязана з людскімі стратамі падчас вайны. З 1949/1950 навучальнага года паступова пачала ўводзіцца абавязковая ўсеагульная 7-гадовая адукацыя, пераход да якой завяршыўся да сярэдзіны 1950-х гг. У канцы 1950-х — ​пачатку 1960-х гг. у БССР была ліквідавана непісьменнасць і малапісьменнасць дарослага насельніцтва. З 1958 г. у рэспубліцы ўводзілася 8-гадовая абавязковая адукацыя. З 1977 г. усеагульнай і абавязковай стала сярэдняя адукацыя. БССР стала рэспублікай суцэльнай пісьменнасці. У канцы 1950-х гг. былі створаны прафесійна-тэхнічныя вучылішчы (ПТВ), закліканыя рыхтаваць кваліфікаваных рабочых для розных галін народнай гаспадаркі.

Аднаўлялі сваю дзейнасць вышэйшыя навучальныя ўстановы. Патрэбы народнай гаспадаркі абумовілі адкрыццё шэрагу профільных вышэйшых навучальных устаноў у абласцях БССР: Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (1951 г.), Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі (1953 г.), Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута (1961 г.), Мінскага радыётэхнічнага інстытута (1964 г.) і інш.

Да сярэдзіны 1980-х гг. у рэспубліцы дзейнічалі 33 ВНУ, у якіх вучылася 188,6 тыс. студэнтаў. Беларусь займала другое месца пасля РСФСР па колькасці студэнтаў на 1000 жыхароў, а якасць падрыхтоўкі ў беларускіх ВНУ лічылася адной з самых высокіх у Савецкім Саюзе.

3. Выхад беларускай навукі на новыя рубяжы. Удзел беларусаў у асваенні космасу

У пасляваенны перыяд прыярытэтнымі кірункамі навуковых даследаванняў сталі фізіка-матэматычныя і прыродазнаўчыя навукі. Вялікі ўклад у развіццё айчыннай генетыкі зрабілі акадэмікі А. Жэбрак і В. Купрэвіч. На ўсесаюзны ўзровень беларускую аграрную навуку вывелі даследаванні П. Альсміка і Г. Багамолава.

Пад кіраўніцтвам акадэміка В. Купрэвіча Акадэмія навук БССР стала ініцыятарам развіцця даследаванняў у галіне ядзернай энергетыкі і будаўніцтва ў Беларусі атамнай элект­растанцыі.

З 1969 па 1987 г. Акадэмію навук БССР узначальваў беларускі вучоны-фізік М. Барысевіч. У гэты час навукоўцы рэспублікі дасягнулі значных поспехаў у галіне матэматыкі, фізікі, электронна-вылічальнай тэхнікі, медыцыны, біялогіі.

Хірургам-артапедам, акадэмікам Г. Ілізаравым быў створаны ўніверсальны апарат фіксацыі для лячэння пераломаў і дэфармацый костак. Выбітным хірургам-афтальмолагам была Т. Бірыч, якая ўпершыню ў Савецкім Саюзе прымяніла метад крыяхірургіі пры захворваннях вачэй. Акадэмік АН БССР М. Мацапура распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць высокаэфектыўныя тэхналогіі механізаванага асваення забалочаных зямель і ўборкі бульбы.

Вялікі ўклад у развіццё авіябудавання зрабіў ураджэнец Віцебшчыны, авіяканструктар, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы П. Сухі. Сканструяваныя ім унікальныя самалёты пад маркай «Су» сталі асновай савецкай авіяцыі, а таксама Ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь.

Беларускія лётчыкі-касманаўты стаялі ля вытокаў развіцця савецкай касмічнай праграмы. Ураджэнцы Беларусі П. Клімук і У. Кавалёнак здзейснілі па тры касмічныя палёты. Іх уклад у асваенне космасу быў ад­значаны савецкім кіраўніцтвам, абодва сталі двойчы Героямі Савец­кага Саюза.

4. Прынцып партыйнасці і метад сацыялістычнага рэалізму

Вядучым метадам у мастацтве і літаратуры працягваў заставацца метад сацыялістычнага рэалізму, які патрабаваў станоўчага адлюстравання падзей, звязаных з будаўніцтвам сацыялізму. Ён дапаўняўся прынцыпам партыйнасці, які патрабаваў ад дзеячаў культуры прытрымлівацца ідэалогіі, праводзімай камуністычнай партыяй. На працягу 1946-1948 гг. ЦК ВКП (б) прыняў шэраг пастаноў, якія павінны былі аднавіць ідэалагічную аднастайнасць духоўнага жыцця і ўмацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх сферах культуры.

5. Літаратура

Дамінуючай тэмай была Вялікая Айчынная вайна. Вялікай папулярнасцю ў чытачоў карысталіся раманы К. Чорнага «Млечны Шлях», М. Лынькова «Векапомныя дні». Раман І. Мележа «Менскі напрамак» прысвечаны вызваленню Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў.

Пасля вайны працягваў сваю літаратурную дзейнасць Я. Колас, які за паэму «Рыбакова хата» быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе крок наперад зрабіла беларуская паэзія. Яе ўзбагацілі сваімі творамі такія вядомыя паэты, як П. Броўка, М. Танк, П. Панчанка, П. Глебка, А. Куляшоў.

У другой палове 1980-х гг. з’явіліся новыя падыходы ў раскрыцці тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Аўтары звярнуліся да праблемы простага чалавека на вайне. Шырокую вядомасць набылі творы В. Быкава «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Сотнікаў» і інш. У 1970–1980-я гг. пісьменнік стварыў знакавыя творы «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца», « Знак бяды» і інш.

Праблему маральнага выбару на вайне падняў Я. Брыль у сваім рамане «Птушкі і гнёзды». Высокім мастацкім узроўнем вылучаюцца творы І. Шамякіна. У раманах «Крыніцы», «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Вазьму твой боль» былі адлюстраваны актуальныя праблемы сучаснасці, такія як выхаванне моладзі, праца, стаўленне да справы, якой служыш, побыт, каханне, сям’я, выбар, сумленне. У рамане «Злая зорка» апісаны праблемы, выкліканыя катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.

Няпросты лёс беларускага сялянства ў 1920–1930-я гг. адлюстраваў І. Мележ у сваёй трылогіі «Палеская хроніка». Аповесці і раманы У. Карат­кевіча атрымалі шырокае грамадскае прызнанне.

Вялікую вядомасць набылі збор­нікі вершаў П. Броўкі «Пахне чабор», «Далёка ад дому», «А дні ідуць…». Працягваў сваю творчасць М. Танк, былі выдадзены яго зборнікі вершаў «Нарачанскія сосны», «Прайсці праз вернасць». Сваімі працамі ўзбагацілі беларускую паэзію Н. Гілевіч (зборнік «Песня ў дарогу»), П. Панчанка (зборнікі «Пры святле маланак», «Маўклівая малітва»).

6. Музыка

У пасляваенныя гады ў Беларусі з’явіліся новыя музычныя калектывы — ​Дзяржаўны народны хор пад кіраўніцтвам Г. Цітовіча, Сімфанічны аркестр беларускага тэлебачання і радыё пад кіраваннем Б. Райскага і інш. Сімфанічныя творы кампазітараў Я. Цікоцкага, М. Аладава, А. Багатырова, інструментальныя творы П. Падкавырава, оперы Р. Пукста («Машэка», «Свіцязянка») і. Д. Лукаса («Кастусь Каліноўскі», «Песня пра шчасце») сталі жамчужынай не толькі беларускага, але і сусветнага мастацтва.

У 1955 г. быў зацверджаны Дзяржаўны гімн БССР. Музыку напісаў кампазітар Н. Сакалоўскі, словы — ​паэт М. Клімковіч.

У канцы 1960-х — ​1970-я гг. з’явіліся першыя вакальна-інструментальныя ансамблі «Песняры», «Сябры», «Верасы». У. Мулявін — ​спявак, кампазітар, кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» — ​шмат зрабіў для папулярызацыі беларускіх народных песень. У 1950–1980-я гг. усесаюзную вядомасць атрымалі беларускія спевакі В. Вуячыч, Я. Еўдакімаў, Т. Раеўская.

7. Выяўленчае мастацтва

У выяўленчым мастацтве пераважала ваенная тэматыка. Шырокае грамадскае прызнанне атрымалі творы «Палонных вядуць» А. Шыб­нёва, «Абарона Брэсцкай крэпасці» Я. Зайцава, «Мінск. 3 ліпеня» В. Волкава, «За родную Беларусь» У. Сухавер­хава і інш.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны стала вызначальнай для М. Савіцкага, які стварыў цыкл карцін «Лічбы на сэрцы». Вобраз маці-партызанкі ўпершыню быў створаны мастаком у цыкле карцін «Беларусь партызанская», у прыватнасці ў карціне «Партызанская мадонна».

Вялікі ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва зрабіў Л. Шчамялёў, аўтар карцін «Нашэсце. 22 чэрвеня 1941 г.», «Першы дзень міру», «Край мой Мін­шчына» і інш.

Важнае месца ў жывапісе займала рэалістычная тэматыка. М. Данцыг з’яўляўся аўтарам шэрагу карцін, на якіх паказана будаўніцтва г. Салігорска. Многія яго працы прысвечаны г. Мінску.

Біблейская тэматыка знайшла адлюстраванне ў творчасці А. Ісачова. Працы гэтага мастака сталі амаль сенсацыяй у Беларусі і далёка за яе межамі.

8. Тэатр і кіно

Пасля выгнання нацысцкіх акупантаў з тэрыторыі Беларусі з эвакуацыі вярнуліся тэатральныя калектывы. Ужо ў сезоне 1944–1945 гг. сваю дзейнасць аднавілі 12 тэатраў.

Тэатральнае мастацтва адрознівалася шырокай жанравай разнастайнасцю, распрацоўвалася ваенная, гістарычная, бытавая і іншая тэматыка. У рэпертуары вядучае месца займалі п’есы, прысвечаныя вайне: «Заложнікі» А. Кучара, «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона.

На сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР былі пастаўлены оперы беларускіх кампазітараў Я. Цікоцкага «Дзяўчына з Палесся», А. Багатырова «Надзея Дурава», «Ясны світанак» А. Туранкова пра ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, «Францыск Скарына» Д. Смольскага, «Зорка Венера» Ю. Семянякі аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча.

Вядомымі беларускімі артыстамі былі Г. Глебаў, Л. Ржэцкая, Б. Платонаў, С. Станюта, Г. Макарава. Шырокую вядомасць атрымалі спектаклі беларускіх тэатраў па п’есах А. Макаёнка «Трыбунал», «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», К. Крапівы «Брама неўміручасці».

Беларускія кампазітары стваралі музычныя творы на сюжэты з еўрапейскай гісторыі і літаратуры. Я. Глебаў напісаў музыку да балетаў «Тыль Уленшпігель» і «Маленькі прынц», С. Картэс — ​оперу «Джардана Бруна».

У 1945 г. аднавіла сваю дзейнасць кінастудыя мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь». У 1946 г. яна атрымала назву «Беларусьфільм». У першыя пасляваенныя гады ў асноўным выпускаліся дакументальныя фільмы і кіначасопісы. Першым буйны́м праектам стаў мастацкі фільм «Канстанцін Заслонаў».

У 1960–1980-я гг. былі створаны фільмы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (па трылогіі І. Мележа «Палеская хроніка»), «Белыя Росы», шматсерыйны фільм «Дзяржаўная граніца» і інш. Кінастужка «Праз могілкі», знятая ў 1964 г. рэжысёрам В. Туравым, па рашэнні ЮНЕСКА ў 1994 г. была аднесена да 100 лепшых фільмаў аб вайне. У дзіцячай аўдыторыі вялікай папулярнасцю карысталіся фільмы «Апошняе лета дзяцінства», «Прыгоды Бураціна», «Па сакрэце ўсяму свету», «Пра Чырвоную Шапачку» і інш.

9. Архітэктура

У архітэктуры Беларусі канца 1940-х — ​пачатку 1950-х гг. дамінуючым стылем стаў сталінскі ампір з яго манументальнасцю, праслаўленнем гераічнага мінулага. У гэтым стылі вытрымана цэнтральная частка Ленінскага праспекта ў Мінску (цяпер праспект Незалежнасці).

У сувязі з прыняццем у лістападзе 1955 г. пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб ліквідацыі празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве» архітэктура стала больш стрыманай і функцыянальнай, а жыллёвае будаўніцтва стала ажыццяўляцца на аснове тыпавых праектаў.

Разам з тым цэнтры гарадоў забудоўваліся ансамблямі, распрацаванымі па індывідуальных праектах. Шэраг збудаванняў увайшоў у залаты фонд помнікаў беларускай архітэктуры — ​напрыклад, павільён ВДНГ, Тэатр музычнай камедыі, кінатэатр «Кастрычнік» у г. Мінску, драматычны тэатр у г. Гродна, будынак цырка ў г. Гомель. У выглядзе ансамбляў праектаваліся цэнтральныя вуліцы і праспекты: у г. Мінску — ​праспект Машэрава (цяпер праспект Пераможцаў) і інш.

1960–1970-я гг. сталі часам росквіту беларускага манументальнага мастацтва.

Стварэнне мемарыялаў, прысвечаных подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, знайшло падтрымку на дзяржаўным узроўні. Менавіта ў гэты перыяд узводзяцца велічныя помнікі і маштабныя мемарыяльныя комплексы. Найбольш значныя з іх — ​«Хатынь», «Курган Славы Савецкай арміі — ​вызваліцельніцы Беларусі», «Брэсцкая крэпасць-герой». У іх стварэнні ўдзельнічалі лепшыя скульптары і архітэктары Беларусі: скульптары С. Селіханаў, А. Бембель, В. Бобыль, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін, В. Кароль і інш.

10. Алімпійскія дасягненні беларускіх савецкіх спартсменаў

Беларускія спартсмены неаднаразова праслаўлялі савецкі спорт. Трохразовым алімпійскім чэмпіёнам па вольнай барацьбе (1964, 1968, 1972) стаў Аляксандр Мядзведзь. Ён быў прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя. Гімнастка Вольга Корбут заваявала чатыры залатыя алімпійскія медалі, тры з іх — ​на Алімпійскіх гульнях 1972 г. у Мюнхене. У гэтым жа годзе яна была прызнана лепшай спартсменкай свету. У гісторыю спорту яна ўвайшла дзякуючы выкананню на брусах унікальнага элемента, пазней названага «пятлёй Корбут». Славу беларускаму спор­ту прынеслі алімпійскія чэмпіёны Рамуальд Клім (кіданне молата), Святлана Багін­ская (спартыўная гімнастыка), Леанід Тараненка (цяжкая атлетыка), Уладзімір Парфяновіч (веславанне на байдарках і каноэ).

Пытанні і заданні

1. Сфармулюйце тры тэзісы, адлюстраваўшы ў іх поспехі беларускай сістэмы адукацыі ў пасляваенны перыяд.

2. Як вы думаеце, чаму ў пасляваенны перыяд прыярытэтнымі напрамкамі навуковых даследаванняў у БССР сталі фізіка-матэматычныя і натуральныя навукі? Дакажыце, што беларуская навука ў 1940—1980-я гг. развівалася ў рэчышчы агульнасусветных тэндэнцый.

3. Чаму ў пасляваенны перыяд асноўнай тэмай у беларускім мастацтве (літаратуры, музыцы, выяўленчым мастацтве) была Вялікая Айчынная вайна?

4. Складзіце тэматычныя кароткія каталогі (буклеты, альманахі) аб развіцці літаратуры, жывапісу, архітэктуры, кінематографа, тэатральнага і музычнага мастацтва БССР у другой палове 1940-х — 1980-я гг.

5. Складзіце топ-5 дасягненняў у развіцці беларускай культуры (адукацыі, навукі, мастацтва, спорту) у 1945—1980-я гг., якімі могуць ганарыцца сучасныя беларусы. Свой выбар абгрунтуйце.