§ 26. Развіццё беларускай савецкай культуры ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.

9. Архітэктура

У архітэктуры Беларусі канца 1940-х — ​пачатку 1950-х гг. дамінуючым стылем стаў сталінскі ампір з яго манументальнасцю, праслаўленнем гераічнага мінулага. У гэтым стылі вытрымана цэнтральная частка Ленінскага праспекта ў Мінску (цяпер праспект Незалежнасці).

У сувязі з прыняццем у лістападзе 1955 г. пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб ліквідацыі празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве» архітэктура стала больш стрыманай і функцыянальнай, а жыллёвае будаўніцтва стала ажыццяўляцца на аснове тыпавых праектаў.

Разам з тым цэнтры гарадоў забудоўваліся ансамблямі, распрацаванымі па індывідуальных праектах. Шэраг збудаванняў увайшоў у залаты фонд помнікаў беларускай архітэктуры — ​напрыклад, павільён ВДНГ, Тэатр музычнай камедыі, кінатэатр «Кастрычнік» у г. Мінску, драматычны тэатр у г. Гродна, будынак цырка ў г. Гомель. У выглядзе ансамбляў праектаваліся цэнтральныя вуліцы і праспекты: у г. Мінску — ​праспект Машэрава (цяпер праспект Пераможцаў) і інш.

1960–1970-я гг. сталі часам росквіту беларускага манументальнага мастацтва.

Стварэнне мемарыялаў, прысвечаных подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, знайшло падтрымку на дзяржаўным узроўні. Менавіта ў гэты перыяд узводзяцца велічныя помнікі і маштабныя мемарыяльныя комплексы. Найбольш значныя з іх — ​«Хатынь», «Курган Славы Савецкай арміі — ​вызваліцельніцы Беларусі», «Брэсцкая крэпасць-герой». У іх стварэнні ўдзельнічалі лепшыя скульптары і архітэктары Беларусі: скульптары С. Селіханаў, А. Бембель, В. Бобыль, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін, В. Кароль і інш.