§ 22–4. Канфесійнае становішча ў гады Вялікай Айчыннай вайны
3. Уклад духавенства ва ўсенародную барацьбу на акупаванай тэрыторыі Беларусі
Прадстаяцелі і святары Беларусі ў гады акупацыі падвяргаліся вялізнаму, хоць часам і не яўнаму, ціску з боку германскіх улад.
Можна прывесці шмат прыкладаў, калі праваслаўныя і каталіцкія святары дапамагалі партызанам, найбольш вядомы з іх — дзейнасць В. Бекарэвіча. Ён быў сувязным партызанскага атрада імя Р. Катоўскага Ільянскага раёна Вілейскай вобласці, а пазней уступіў у партызанскі атрад імя М. Фрунзе, які дзейнічаў на тэрыторыі гэтай жа вобласці. Протаіерэй В. Капычка, у далейшым благачынны Гомельскай акругі, з'яўляўся байцом партызанскай брыгады імя В. Молатава, якая дзейнічала на тэрыторыі Пінскай вобласці. Святар М. Хільтаў дапамагаў параненым і хворым партызанам. Многія жонкі святароў пяклі для партызан хлеб.
Шасцідзесяцігадовага святара П. Бацяна, які служыў настаяцелем у вёсцы Кабыльнікі Мядзельскага раёна Вілейскай вобласці, за дапамогу яўрэям арыштавала СД. Над ім жорстка здзекаваліся ў мінскай турме: запрагалі ў плуг і аралі турэмны гарод, цкавалі сабакамі да таго часу, пакуль святар не памёр. Яўрэям таксама дапамагалі манашкі аднаго з гродзенскіх кляштараў.
16—18 лютага 1943 г. у ходзе германскай карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва» вёска Росіца першай падвергнулася экзекуцыі карнікаў. Нягледзячы на тое, што дадзеныя германскай выведкі прадстаўлялі Росіцу як апорны пункт партызан, іх там не аказалася. Тым не менш 206 жыхароў вёскі былі знішчаны аператыўнай групай СД: частка жыхароў былі спалены ў дамах, вялікая група людзей была загнаная ў кароўнік, які затым падпалілі. Сярод забітых былі каталіцкія святары Ю. Кашыра і А. Ляшчэвіч, адзін з якіх быў спалены разам з іншымі жыхарамі, а другі застрэлены за настойлівыя просьбы выратаваць дзяцей (па іншых дадзеных, таксама спалены).
Святары спрабавалі ратаваць сваіх вернікаў. Яны хавалі людзей, давалі неабходныя даведкі аб добранадзейнасці. У перыяд рэпрэсій падчас нацысцкай акупацыі 1941—1944 гг. сёстры-назарэцянкі ў Наваградку, якія служылі ў мясцовым касцёле, прапанавалі сябе ў абмен на арыштаваных акупантамі 120 заложнікаў, якім пагражаў расстрэл. Заложнікаў не расстралялі, некаторых адпусцілі, некаторых вывезлі ў Германію. Але жыццё адзінага ў акрузе святара ксяндза А. Зянкевіча заставалася ў небяспецы, таму, ратуючы яго з рук нацыстаў, сёстры ахвяравалі сабой, абвясціўшы, што ксёндз больш неабходны ў гэтым свеце, чым яны. Сёстры былі расстраляныя ў лесе за пяць кіламетраў ад Наваградка 1 жніўня 1943 г., а 5 сакавіка 2000 г. Папа Рымскі Павел II за гэты подзвіг абвясціў іх Блаславёнымі (на прыступку ніжэй Святых).
Нягледзячы на антырэлігійную палітыку савецкай улады, Царква не засталася безуважнай у гады Вялікай Айчыннай вайны. Духавенства падтрымала ўсенародную барацьбу супраць ворага.