§ 20–3. Выспяванне беларускай нацыянальнай ідэі ў ХІХ — пачатку ХХ ст.

3. Абгрунтаванне беларускай нацыянальнай ідэі студэнтамі-гоманаўцамі

У працэсе развіцця беларускай нацыянальнай ідэі акцэнт паступова змяшчаўся ад сацыякультурнай арыентаванасці нацыянальнай самасвядомасці на арыентаванасць нацыянальна-дзяржаўную. Нацыянальная ідэя ператваралася ў ідэал будучыні, мэта якой — дзяржаўная самастойнасць Беларусі.

На мяжы 1870–1880-х гг. у вышэйшых навучальных установах Пецярбурга і іншых гарадоў утварыліся гурткі студэнтаў-беларусаў рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Адным з іх была група «Гоман». Яе кіраўнікі, выпускнікі віцебскай гімназіі А. Марчанка і Х. Ратнер, у 1884 г. выдалі два нумары аднайменнага часопіса.

На яго старонках упершыню не толькі ­абвяшчалася, але і тэарэтычна абгрунтоўвалася існаванне самастойнага беларускага народа. Пры гэтым аўтары спасылаліся на прыродна-геаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя і ­этнаграфічныя асаблівасці Беларусі, агуль­ны гістарычны лёс і самабытную мову, ­усведамленне беларусамі сваёй унутранай арганічнай сувязі, з аднаго боку, і адрозненні ад суседніх народаў — ​з іншага. «Усе гэтыя асаблівасці Беларусі — ​адзначалася ў выданнях — ​даюць ёй права на аўтаномную федэратыўную самастойнасць у сям’і іншых народнасцей Расіі». Шлях да рэалізацыі гэтага права аўтары бачылі ў сумеснай з расійскімі рэвалюцыянерамі барацьбе супраць агульнага ворага — ​царскага самадзяржаўя. Аўтары артыкулаў абвяргалі сцверджанне аб забітасці і інертнасці беларускага народа, які нібыта не мог разумець і адстойваць свае інтарэсы, у тым ліку неабходнасць стварэння ў будучыні нацыянальнай дзяржавы.

Такім чынам, перыяд XIX — ​пачатку ХХ ст. стаў часам станаўлення беларусаў як нацыі. На парадак палітычнага жыцця грамадства было пастаўлена пытанне аб самавызначэнні беларусаў як нацыі. У пачатку ХХ ст. гэтае пытанне актуалізавалася ў дзейнасці БСГ як першай беларускай палітычнай партыі і творчасці прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

На думку С. Х. Александровіча, у дзейнасці групы «Гоман» галоўным было «даказаць існаванне унікальнай беларускай нацыі і абараніць яе права на самавызначэнне і здольнасць самастойна вырашаць свой гістарычную лёс у рамках будучай федэратыўнай дзяржавы, якая будзе створана на аскепках Расійскай імперыі» (Публікацыі беларускіх народнікаў. Склад. падрыхт. тэкстаў С. Х. Александровіч і І. С. Александровіч. Мінск, 1983).