Печатать книгуПечатать книгу

§ 20–3. Выспяванне беларускай нацыянальнай ідэі ў ХІХ — пачатку ХХ ст.

Якой была нацыянальная палітыка расійскага ўрада ў дачыненні да беларусаў у XIX — пачатку XX ст.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 20–3. Выспяванне беларускай нацыянальнай ідэі ў ХІХ — пачатку ХХ ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 1 Ноябрь 2024, 07:39

1. Ідэалогія заходнерусізму

Заходнерусізм пачаў фарміравацца ўжо з канца XVIII ст. пасля ўключэння беларускіх зямель у Расійскую імперыю і быў накіраваны на пераадоленне польскага ўплыву. Яго распаўсюджванне паскорылі паўстанні 1830–1831 і 1863–1864 гг. найбольш дакладнае афармленне заходнерусізм атрымаў у публікацыях М. Каяловіча. Ён, як і іншыя, прызнаваў асаблівасці беларусаў («беларускае племя»), але лічыў, што беларусы (заходнярусы), маларосы (украінцы) і вялікаросы (рускія) вельмі блізкія па паходжанні, мове і культуры, рэлігіі і складаюць галіны «трыадзінага народа рускага» як суперэтнасу. Заходнерусізм быў накіраваны на жорсткае і паслядоўнае абмежаванне польскага ўплыву на беларускіх землях.

2. Асаблівасці працэсу афармлення беларускай нацыянальнай ідэі

Абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванню беларускай нацыянальнай ідэі спрыялі публікацыі навуковых работ расійскіх навукоўцаў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі (Е. Раманаў, П. Шэйн, І. Насовіч, А. Сапуноў і інш.). Яны прысвечаны гісторыі, культуры, мове беларускага народа.

Значны ўклад у афармленне нацыянальнай ідэі ўнесла першая беларуская палітычная партыя — ​Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе стваральнікамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), K. Кастравіцкі (Карусь Каганец) і інш. У сваёй дзейнасці партыя абапіралася на нацыянальную інтэлігенцыю.

Па ініцыятыве кіраўніцтва БСГ у 1906 г. была заснавана першая легальная газета на беларускай мове, якая друкавалася кірылічным і лацінскім шрыфтамі, — «Наша Доля». Пасля яе закрыцця ў Вільні стала выдавацца газета «Наша Ніва». Гэтыя выданні таксама адыгралі сваю ролю ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

У «Нашай Ніве» асноўная ўвага надавалася тэарэтычнаму абгрунтаванню права беларускага народа на захаванне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Чытачам тлумачылася, што асіміляцыя і знішчэнне нацыянальных асаблівасцей наносяць непапраўную шкоду не толькі беларускай, славянскай, але і сусветнай культуры.

Народны паэт Беларусі Янка Купала ў вершы «А хто там ідзе?» абвясціў аб ­існаванні беларусаў як самабытнага народа і тут жа заявіў аб іх праве на паважлівае стаўленне да сябе («Людзьмі звацца!») або, як сказана ім у іншым вершы «Маладая Беларусь», праве заняць «свой пачэсны пасад між народамі». Гэта выяўленая ў паэтычнай форме Дэкларацыя аб сама­ўсведамленні сябе беларусамі ў якасці асаблівага народа, роўнага ў сваіх правах з іншымі народамі.

Выбітны беларускі паэт М. Багдановіч у сваім публіцыстычным творы «Хто мы такія?» пісаў, што «рускіх народаў тры» і што «ўсе яны аднаго кораню». Аднак адзінства каранёў не дае падстаў лічыць беларусаў часткай рускага народа, а беларускую культуру — ​адгалінаваннем рускай. І тое і другое ўяўляюць сабой нацыянальна самабытныя з’явы.

М. Багдановіч пісаў, што ў «агромістай грамадзе» не адзін мільён беларусаў ... на плячах носяць ... сваю адвечную крыўду». Але такая сітуацыя, на яго думку, не патрабуе жалю, а «патрэбны ўвага, давер, пашана да яго (народа) грамадзянскіх правоў». Аднак павага грамадзянскіх правоў — не самамэта, а сродак, які дазволіць аказаць актыўнае садзейнічанне «імкненню да дзяржаўнай самастойнасці Беларусі».

3. Абгрунтаванне беларускай нацыянальнай ідэі студэнтамі-гоманаўцамі

У працэсе развіцця беларускай нацыянальнай ідэі акцэнт паступова змяшчаўся ад сацыякультурнай арыентаванасці нацыянальнай самасвядомасці на арыентаванасць нацыянальна-дзяржаўную. Нацыянальная ідэя ператваралася ў ідэал будучыні, мэта якой — дзяржаўная самастойнасць Беларусі.

На мяжы 1870–1880-х гг. у вышэйшых навучальных установах Пецярбурга і іншых гарадоў утварыліся гурткі студэнтаў-беларусаў рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Адным з іх была група «Гоман». Яе кіраўнікі, выпускнікі віцебскай гімназіі А. Марчанка і Х. Ратнер, у 1884 г. выдалі два нумары аднайменнага часопіса.

На яго старонках упершыню не толькі ­абвяшчалася, але і тэарэтычна абгрунтоўвалася існаванне самастойнага беларускага народа. Пры гэтым аўтары спасылаліся на прыродна-геаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя і ­этнаграфічныя асаблівасці Беларусі, агуль­ны гістарычны лёс і самабытную мову, ­усведамленне беларусамі сваёй унутранай арганічнай сувязі, з аднаго боку, і адрозненні ад суседніх народаў — ​з іншага. «Усе гэтыя асаблівасці Беларусі — ​адзначалася ў выданнях — ​даюць ёй права на аўтаномную федэратыўную самастойнасць у сям’і іншых народнасцей Расіі». Шлях да рэалізацыі гэтага права аўтары бачылі ў сумеснай з расійскімі рэвалюцыянерамі барацьбе супраць агульнага ворага — ​царскага самадзяржаўя. Аўтары артыкулаў абвяргалі сцверджанне аб забітасці і інертнасці беларускага народа, які нібыта не мог разумець і адстойваць свае інтарэсы, у тым ліку неабходнасць стварэння ў будучыні нацыянальнай дзяржавы.

Такім чынам, перыяд XIX — ​пачатку ХХ ст. стаў часам станаўлення беларусаў як нацыі. На парадак палітычнага жыцця грамадства было пастаўлена пытанне аб самавызначэнні беларусаў як нацыі. У пачатку ХХ ст. гэтае пытанне актуалізавалася ў дзейнасці БСГ як першай беларускай палітычнай партыі і творчасці прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

На думку С. Х. Александровіча, у дзейнасці групы «Гоман» галоўным было «даказаць існаванне унікальнай беларускай нацыі і абараніць яе права на самавызначэнне і здольнасць самастойна вырашаць свой гістарычную лёс у рамках будучай федэратыўнай дзяржавы, якая будзе створана на аскепках Расійскай імперыі» (Публікацыі беларускіх народнікаў. Склад. падрыхт. тэкстаў С. Х. Александровіч і І. С. Александровіч. Мінск, 1983).

Пытанні і заданні

1. У чым, на ваш погляд, заключалася беларуская нацыянальная ідэя ў XIX — пачатку ХХ ст.? У чым яна заключаецца ў цяперашні час?

2. Ацаніце значэнне поглядаў і дзейнасці Я. Купалы і М. Багдановіча ў фармуляванні і развіцці беларускай нацыянальнай ідэі.

3. Сфармулюйце тры тэзісы, адлюстраваўшы ў іх асноўныя ідэі групы «Гоман».