§ 20–3. Выспяванне беларускай нацыянальнай ідэі ў ХІХ — пачатку ХХ ст.

2. Асаблівасці працэсу афармлення беларускай нацыянальнай ідэі

Абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванню беларускай нацыянальнай ідэі спрыялі публікацыі навуковых работ расійскіх навукоўцаў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі (Е. Раманаў, П. Шэйн, І. Насовіч, А. Сапуноў і інш.). Яны прысвечаны гісторыі, культуры, мове беларускага народа.

Значны ўклад у афармленне нацыянальнай ідэі ўнесла першая беларуская палітычная партыя — ​Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе стваральнікамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), K. Кастравіцкі (Карусь Каганец) і інш. У сваёй дзейнасці партыя абапіралася на нацыянальную інтэлігенцыю.

Па ініцыятыве кіраўніцтва БСГ у 1906 г. была заснавана першая легальная газета на беларускай мове, якая друкавалася кірылічным і лацінскім шрыфтамі, — «Наша Доля». Пасля яе закрыцця ў Вільні стала выдавацца газета «Наша Ніва». Гэтыя выданні таксама адыгралі сваю ролю ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

У «Нашай Ніве» асноўная ўвага надавалася тэарэтычнаму абгрунтаванню права беларускага народа на захаванне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Чытачам тлумачылася, што асіміляцыя і знішчэнне нацыянальных асаблівасцей наносяць непапраўную шкоду не толькі беларускай, славянскай, але і сусветнай культуры.

Народны паэт Беларусі Янка Купала ў вершы «А хто там ідзе?» абвясціў аб ­існаванні беларусаў як самабытнага народа і тут жа заявіў аб іх праве на паважлівае стаўленне да сябе («Людзьмі звацца!») або, як сказана ім у іншым вершы «Маладая Беларусь», праве заняць «свой пачэсны пасад між народамі». Гэта выяўленая ў паэтычнай форме Дэкларацыя аб сама­ўсведамленні сябе беларусамі ў якасці асаблівага народа, роўнага ў сваіх правах з іншымі народамі.

Выбітны беларускі паэт М. Багдановіч у сваім публіцыстычным творы «Хто мы такія?» пісаў, што «рускіх народаў тры» і што «ўсе яны аднаго кораню». Аднак адзінства каранёў не дае падстаў лічыць беларусаў часткай рускага народа, а беларускую культуру — ​адгалінаваннем рускай. І тое і другое ўяўляюць сабой нацыянальна самабытныя з’явы.

М. Багдановіч пісаў, што ў «агромістай грамадзе» не адзін мільён беларусаў ... на плячах носяць ... сваю адвечную крыўду». Але такая сітуацыя, на яго думку, не патрабуе жалю, а «патрэбны ўвага, давер, пашана да яго (народа) грамадзянскіх правоў». Аднак павага грамадзянскіх правоў — не самамэта, а сродак, які дазволіць аказаць актыўнае садзейнічанне «імкненню да дзяржаўнай самастойнасці Беларусі».